У наш імклівы час, калі экраны смартфонаў і планшэтаў часта засланяюць свет жывых стасункаў і чараўніцтва, мы хочам запрасіць вас ва ўтульную прастору Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Месца, дзе гісторыі знаходзяць гучанне, а старажытныя мудрасці адчыняюць свае дзверы для самых юных чытачоў і іх клапатлівых бацькоў.
Нядаўна наша бібліятэка папоўнілася сапраўднымі кніжнымі жамчужынамі – зборнікамі казак, якія мы хочам прадставіць вам і вашым дзецям. Сярод іх:

“Кот, певень і лісіца” – вясёлая і хітрая гісторыя, якая навучыць дзяцей адрозніваць дабро ад зла і разумець, што кемлівасць часам мацнейшая за грубую сілу;
“Ліска са скалачкай” – руская народная казка, дзе ў чарговы раз ліса правярае сваю знаходлівасць, а разам з ёй і дзеці вучацца распазнаваць падман;
“Зайчыкава хатка” – расказвае пра сяброўства, узаемадапамогу і пра тое, як важна не здавацца перад цяжкасцямі;
“Чырвоная Шапачка” – усімі любімая казка, якая вучыць дзяцей быць асцярожнымі і слухацца старэйшых;
“Рыкі-Цікі-Таві” Кіплінга – гісторыя пра адважнага мангуста, які змагаецца са змеямі, вучыць адвазе, адданасці і барацьбе за свой дом;
“Жаба-вандроўніца” – добрая і іранічная казка, якая прымусіць задумацца аб каштоўнасці дома, сяброў і аб тым, што не заўсёды самая яркая прапанова з’яўляецца самай лепшай;
“Быліны пра волатаў Ілью Мурамца, Дабрыню Мікіціча і Алёшу Паповіча” – пра гераічнае мінулае нашай краіны, знаёмства з сілай духу, гонарам і доблесцю сапраўдных герояў.
Вы спытаеце, навошта сучасным дзецям казкі? Ды таму, што менавіта казкі –гэта не проста гісторыі, а першы ўрок маралі, развіццё ўяўлення, пашырэнне слоўнікавага запасу, фарміраванне эмацыйнага інтэлекту, культурная спадчына, умацаванне сямейных сувязяў. Сумеснае чытанне казак – гэта выдатная магчымасць правесці час разам, абмеркаваць прачытанае, падзяліцца ўражаннямі. Гэта стварае асаблівую атмасферу блізкасці і даверу ў сям’і.
Запрашаем вас у нашу бібліятэку. Давайце разам адкрыем для сваіх дзяцей магію слова, сілу ўяўлення і мудрасць стагоддзяў, схаваныя ў самых простых, але найважнейшых казках.
Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga