Дыпломам III ступені абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўзнагароджаны аддзел адукацыі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Калегія галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, на якой былі падведзены вынікі работы сферы за 2025 год і намечаны планы на перспектыву, прайшла сёння на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Сістэма адукацыі вобласці прызнана лепшай у рэспубліцы па выніках работы за 2025 год.
Таксама на калегіі падзяка за выніковую дзейнасць па стварэнні ўмоў для эфектыўнага функцыянавання сістэмы адукацыі раёна ў 2025 годзе аб’яўлена намесніку старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вадзіму Бялятку.
Калектыў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу, прысвечанага Году добраўпарадкавання, сярод установаў спецыяльнай адукацыі ў намінацыі “Эстэтыка тэрыторыі ўстановы” і ўзнагароджаны дыпломам I ступені.
Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская, конкурс на лепшую арганізацыю работы праводзіцца штогод:
– Прыемна, што мы сярод 11-ці раёнаў вобласці захавалі стабільную пазіцыю, увайшлі ў тройку лепшых. Гэта стала магчымым, дзякуючы каманднай, сістэмнай працы, згуртаванасці калектываў, якія кожны на сваім месцы робяць максімум дзеля агульнага выніку па дасягненні тых паказчыкаў, якія стаяць перад адукацыяй. Несумненна, і пры сур’ёзнай падтрымцы, як маральнай, так і матэрыяльнай, раённага выканаўчага камітэта, за што педагагічная грамадскасць Дзятлаўшчыны вельмі ўдзячная.

Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga