24 кастрычніка чарговы прыём грамадзян у Дзятлаўскім райвыканкаме правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда.

Ад заяўнікаў народнаму абранніку паступіла шэсць пытанняў. Людзей хвалявала закрыццё бара ў аграгарадку Гезгалы, якасць выкананых паслугаў пры добраўпарадкаванні пахавання, пытанні пенсійнага забеспячэння, пракладкі каналізацыі па вуліцы Катоўскага і ўчастку вуліцы Гагарына, рэалізацыя мінеральных угнаенняў асабістым падсобным гаспадаркам, якасць аказання медыцынскіх паслугаў. Па ўсіх іх дадзены падрабязныя тлумачэнні, многія сітуацыі ўзяты на дэпутацкі кантроль.



Прагучалі ў час прыёму і словы ўдзячнасці на адрас Міхаіла Сяргеевіча за ўважлівыя адносіны і станоўчае вырашэнне праблем дзятлаўчан. У намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка Міхаіл Орда пацікавіўся ходам рэалізацыі праекта па будаўніцтве ў Дзятлаве хакейнай пляцоўкі са штучным лёдам.

– Важная дэталь кожнага прыёма – разгледзець пытанні, якія паступілі ў мінулы раз і прасачыць іх вырашэнне, – падкрэсліў Міхаіл Сяргеевіч. – Гэта неабходна, каб сітуацыі знаходзілі рашэнні, якія задаволяць грамадзян. Не заўжды ёсць магчымасць вырашыць іх хутка, бо бывае патрабуецца і заканадаўчае абгрунтаванне. Аднак самае галоўнае, што людзі могуць прыйсці, нават тыя заяўнікі, якія папярэдне не запісваліся, маюць магчымасць доступу да свайго дэпутата, бо работа народнага абранніка – максімальна садзейнічаць і дапамагаць грамадзянам. Такія прыёмы праходзяць кожны месяц, іх выніковасць станоўчая: больш за 90 % пытанняў, якія паступаюць, мы вырашаем.
Рабочы візіт дэпутата на Дзятлаўшчыну прадоўжыла сустрэча са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga