На Дзятлаўшчыне да рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё” далучыўся дэпутацкі корпус раёна.

Працоўны “дэсант” у саставе 29 народных абраннікаў шчыраваў у Вензавецкім лясніцтве ў квартале 225.

Кароткі інструктаж для прысутных правёў ляснічы Дзмітрый Ваніслаўчык. Ён зазначыў, што высадзіць на ўчастку належыць маладзенькія сосны, ёлкі і бярозы. За справу ўзяліся дружна.





– У адной звязцы сёння працуюць дэпутаты Гродзенскага абласнога, Дзятлаўскага раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, да якіх па добрай традыцыі далучыліся члены моладзевага парламента на чале з каардынатарам Ірынай Мішчанка, – расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Усе мы любім прыроду і сваю Радзіму, жадаем, каб яна была прыгожай, тым больш, што сёлета на гэта скіраваны Год добраўпарадкавання. Ды і працаваць на свежым паветры заўжды прыемна.


– У беларускага Дзяржаўнага сцяга тры колеры, – далучылася да размовы дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Таццяна Нікіпорчык. – Зялёны сімвалізуе адраджэнне, дастатак расліннага свету і лясоў, а яны – сапраўднае багацце, бо даюць нам не толькі матэрыяльныя рэсурсы, але і свежае паветра. Адраджаючы лясы, мы пакідаем памяць для наступных пакаленняў, гэта таксама сімвалічна ў год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а Беларусь была партызанскім краем. Акцыя сведчыць, што на працягу ўсіх васьмі дзесяцігоддзяў беларусы разам у працы, адпачынку, на абароне сваёй Айчыны. Праца аб’ядноўвае і дапамагае ставіць мэты і задачы на будучыню.



Побач, на суседніх радочках, умела трымае ў руках меч Колесава дэпутат Дварэцкага сельскага Савета дэпутатаў Андрэй Добыш, якога мы больш прывыклі бачыць на сцэне.

– Садзіць лес для мяне не ў навінку, – пераканаўча зазначае ён. – Першы вопыт атрымаў яшчэ ў дзяцінстве, калі вучнямі Харашкоўскай базавай школы выязджалі на такія работы, прадоўжыў педагогам Мяляхавіцкай, а цяпер працую разам з дэпутатамі. На высаджаных мною сорак гадоў таму дзялянках ужо нават прайшлі санітарныя высечкі. Выязджаць на такія акцыі заўжды прыемна, бо мы не толькі робім вельмі важную справу, але і праводзім час разам, дыхаем гаючым паветрам.





Не адстае ад старэйшых маладая змена. Хутчэй за ўсіх б’е лункі член моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, навучэнец сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Павел Бушчык.

– У мяне таксама ёсць вопыт лесапасадкі, бо сёлета працую ўжо трэці раз, летась таксама ўдзельнічаў. Мой тата былы ляснік, таму я прывучаны да падобнай працы. Увогуле, маладым людзям карысна не сядзець у тэлефонах, а правесці час за справай на свежым паветры. Як у народзе кажуць: мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, вырасціць сына. З першай часткай выказвання я годна спраўляюся. Са мной прыехалі яшчэ чатыры актывісты-парламентарыі. На падобныя прапановы мы адгукваемся па першым закліку, бо хочацца, каб на Радзіме шумелі лясы. Думаю, нашы педагогі могуць ганарыцца, што вырасцілі годных грамадзян.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее #лес #акция