У час рабочага візіту на Дзятлаўшчыну член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім пазнаёміліся з ходам работ па навядзенні парадку на зямлі.
Яны наведалі сельскія населеныя пункты Дварэцкага сельсавета, дзе ідзе актыўная работа па дэмантажы пустуючых будынкаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі.


На прылеглай да мехмайстэрні ААТ “Дварэц-Агра” тэрыторыі самой арганізацыяй праводзіцца знос неэксплуатуемага будынка з наступнай планіроўкай мясцовасці. У вёсцы Пузавічы работы па навядзенні парадку былі распачаты ў мінулым годзе дэмантажам двух пустуючых дамоў, шэраг домаўладанняў разабралі іх уласнікі самастойна. Сёлета сіламі работнікаў сельсавета і Дзятлаўскага ПМС гэтыя землі вызваляюцца ад кустарнікаў і ў далейшым будуць выкарыстаны як сельскагаспадарчыя. Па папярэдніх падліках, у севаабарот будзе ўведзена каля гектара зямлі.


– Работа з пустуючымі дамамі ў Дварэцкім сельскім савеце і ў цэлым на Дзятлаўшчыне вядзецца пастаянна, не толькі ў Год добраўпарадкавання, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Устанаўліваем спадчыннікаў, якія могуць паклапаціцца аб такіх збудаваннях, калі гэта немагчыма, клопат па навядзенні парадку бярэ на сябе сельскі савет і раённая ўлада.



Таксама сенатар і кіраўнік раённага Савета дэпутатаў праінспектавалі аб’екты добраўпарадкавання Казлоўшчынскага сельскага савета, у ліку якіх – возера ў гарпасёлку Казлоўшчына і крынічка, якая была прыведзена ў парадак у мінулам годзе сіламі арганізацый раёна і мясцовых жыхароў.

Андрэй Жамойда адзначыў, што, каб на зямлі быў парадак, яго павінны ствараць разам раённая ўлада і самі жыхары.

– Грамадзянам неабходна асабіста ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, раёна, у якім яны жывуць. З не самымі глабальнымі пытаннямі можна справіцца самастойна. Навошта патрабаваць фарбавання бардзюра каля дома або падрэзкі кустоўя, калі можна сабрацца з суседзямі, зладзіць суботнік і самім навесці парадак. А калі хочам зрабіць нешта больш маштабнае – падказаць і дапамагчы мясцовым органам улады, дзе неабходна арганізаваць дадатковыя рамонтныя работы, – адзначыў парламентарый.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#депутат