Пад такім дэвізам праходзяць працоўныя будні службы аховы, якая вылучаецца мабільнасцю, аператыўнасцю, тэхнічнай забяспечанасцю.

29 кастрычніка ў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адметная дата – 70 гадоў існавання.

З гэтай нагоды пра гісторыю і сучаснасць Дзятлаўскага раённага аддзела аховы расказаў яго начальнік Дзмітрый Харошка.

– Дзмітрый Іванавіч, які шлях пройдзены аддзелам, якія людзі зрабілі свой унёсак у развіццё службы?

– Цяпер складана сабе ўявіць, што раней раённы аддзел аховы знаходзіўся ў драўляным будынку па вуліцы Кастрычніцкай і нават не меў сродкаў радыёсувязі, а ў новы будынак па вуліцы Фогеля пераехаў у 2004 годзе. На ахоўваемых аб’ектах замест сігналізацыі выкарыстоўваліся шумавыя прыстасаванні і фарбуючыя хімічныя рэчывы, якія ўздзейнічалі на зламыснікаў хутчэй псіхалагічна. Патрулі вартаўнікоў абыходзілі аб’екты пешшу ці аб’язджалі на веласіпедах, таму перадавым транспартным сродкам у свой час стаў матацыкл, пазней на змену мотатранспарту прыйшлі ВАЗы і масквічы. Першым, хто ўзначаліў раённае аддзяленне аховы, стаў былы франтавік з важкім службовым вопытам і баявымі ўзнагародамі – Міхаіл Карабанаў. Затым у розныя перыяды аддзелам кіравалі Аляксандр Ламака, Уладзімір Мезенцаў, Станіслаў Казакевіч, Іван Сямашка, Сцяпан Мацюкевіч, Мікалай Марук, Сяргей Шпакоўскі, Дзяніс Цумараў.

– Якія навінкі тэхнікі цяпер маеце на “ўзбраенні”?

– За дзесяцігоддзі існавання раённая служба аховы зрабіла значны крок наперад: яе “сэрцам” стаў пульт цэнтралізаванага назірання за станам сродкаў ахоўна-пажарнай сігналізацыі ахоўваемых аб’ектаў, які сочыць за імі ў рэжыме рэальнага часу, за лічаныя хвіліны на здарэнні выбываюць супрацоўнікі. Сучасная навігацыйна-маніторынгавая сістэма АРМГЗ дазваляе пры атрыманні сігналу трывогі атрымліваць і ўсе тэхнічныя характарыстыкі аб’екта, яго адрас і месцазнаходжанне, даведвацца, у якім памяшканні адбылася спрацоўка. За кошт лічбавых радыёстанцый значна палепшылася якасць сувязі. У гісторыю адышлі і вартавыя патрулі, замест іх цяпер функцыянуюць групы затрымання з ліку атэставаных супрацоўнікаў міліцыі, якія працуюць на сучасным аўтатранспарце, узброены аўтаматычнай і стралковай зброяй, экіпіраваны спецсродкамі, выкарыстоўваюцца службовыя сабакі.

– Ці карыстаюцца папулярнасцю вашы паслугі?

– Сёння сярод асноўных заказчыкаў паслугаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы – Дзятлаўскія філіялы Гродзенскага аблспажыўтаварыства, ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, раён электрасетак, раён газазабеспячэння, рэспубліканская туббальніца “Наваельня”, іншыя буйныя арганізацыі раёна. Таму, карыстаючыся выпадкам, адрасую словы шчырай удзячнасці ўсім нашым заказчыкам за давер і плённае супрацоўніцтва. Адзначу, што асабовы састаў аддзела паспяхова выконвае і будзе выконваць усе пастаўленыя перад ім задачы па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы ахоўнай дзейнасці, забеспячэнні захаванасці тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў і маёмасці юрыдычных і фізічных асобаў, грамадскага парадку і асабістай бяспекі грамадзян.

– Задачы выконваюць людзі. Раскажыце пра ваш калектыў.

– Апошнім часам ён адчувальна амаладзіўся. Сярод паспяховых маладых супрацоўнікаў – Андрэй Пякарскі, Аляксей Ерамейчык, Марыя Ваніслаўчык. Спасцігаць службовы вопыт ім дапамагаюць старэйшыя калегі-настаўнікі Віталій Мазюк, Дзмітрый Дорда, Андрэй Жэгалік, Аляксей Сілаў. Больш за 20 гадоў працоўнага стажу маюць нашы дзяжурныя пульта кіравання Святлана Цішко, Ганна Рудоль, Таццяна Маціевіч і электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі Аляксандр Аблажэй. Варта адзначыць і наш вартавы састаў, які паспяхова нясе службу па ахове аб’ектаў раёна. У ліку лепшых – Віктар Чурай, Уладзімір Юшкевіч, Святлана Бобніс, Алена Гоман. Плённа спраўляюцца з працоўнымі абавязкамі начальнікі аховы аб’ектаў Алена Война, Ларыса Бабіла, Вячаслаў Франюк. Актыўна прымае ўдзел у грамадскім жыцці калектыва і выхаванні маладых супрацоўнікаў ветэранская арганізацыя, старшынёй якой з’яўляецца Сцяпан Мацюкевіч, у ліку актывістаў – Сяргей Гародка, Міхаіл Дораш, Анатоль Арцюхевіч, Валерый Цімашэвіч (ён і на заслужаным адпачынку прадаўжае працаваць на розных грамадзянскіх пасадах аддзела).

Падыходзячы да важкай даты, 70-годдзя службы аховы, нельга не ўзгадаць супрацоўнікаў аддзела, якіх ужо няма побач з намі, але іх імёны залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю. Гэта Вячаслаў Халопік, Аляксандр Дзмітрэнка, Аляксандр Вінцукевіч, Аляксандр Якшук, Іван Юшкевіч, Іван Мілейка, Віктар Стракоўскі, Мечэслаў Дзям’янчык, Эрнэст Левэ, Мікалай Варабей.

– Чаго пажадаеце ўсім, хто ў страі і на заслужаным адпачынку?

– Моцнага здароўя, фінансавай стабільнасці, каб іх работа ў Дэпартаменце аховы прыносіла карысць жыхарам раёна, усім мірнага неба над галавой, шчасця і ладу ў сем’ях.

Пажаданні адрасую і заказчыкам паслуг: няхай наша супрацоўніцтва заўсёды будзе плённым і прыемным і зберагае ваш фінансавы і маёмасны дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК

 

Похожие публикации