На суботнюю прамую лінію ў райвыканкам ад жыхароў раёна паступіла пытанне: ці можна на ФАПе ставіць кропельніцы?
Паколькі такой інфармацыяй дзятлаўчане цікавяцца не першы раз, было вырашана размясціць яе ў раённай газеце.
Адказвае галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч:
– Дзейнасць фельчарска-акушэрскіх пунктаў рэгламентуецца загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 628 ад 4 мая 2023 года “Аб удасканаленні работы фельчарска-акушэрскіх пунктаў”.
Нарматыўным актам вызначана, што паколькі ложкаў дзённага стацыянара на ФАПах не прадугледжана, то і правядзенне ўнутрывенных ін’екцый (кропельніц) у такіх установах аховы здароўя не выконваецца.
Людзі павінны ведаць і яшчэ адзін важны нюанс: катэгарычна забаронена правядзенне ўнутрывенных ін’екцый на даму.
У тых выпадках, калі доктар прызначае пацыенту з сельскай мясцовасці лячэнне без накіравання ў стацыянар і яно звязана з правядзеннем унутрывенных ін’екцый, то па накіраванні доктара такую працэдуру можна прайсці ў амбулаторыі або паліклініцы, за якой замацаваны гэты пацыент.
Даведка: у структуру Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ўваходзяць гарадская паліклініка, чатыры амбулаторыі: Раготнаўская, Дварэцкая, Парэцкая, Гезгалаўская, а таксама Казлоўшчынская і Новаяльнянская гарпасялковыя бальніцы, дзе можна прайсці такія працэдуры.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga