Даследчык і першапраходца Вячаслаў Чамярыцкі

Вячаслаў Чамярыцкі, навуковец, беларускі філолаг і крытык, кандыдат філалагічных навук,наш зямляк, сёлета святкуе сваё 85-годдзе.

Мне пашчасціла сустракацца з Вячаславам Антонавічам гадоў дзесяць таму, калі ён прыязджаў на сустрэчу з вучнямі гімназіі № 1 горада Дзятлава. Прыязджаў не толькі як зямляк, але і як даследчык старыжытнай гісторыі і літаратуры, які многае можа расказаць пра нашу мінуўшчыну, пра гонар і славу далёкіх стагоддзяў, што даўно зніклі за даляглядам, але не забыліся.

Дарога ў жыццё і ў літаратуру пачалася ў Вячаслава Чамярыцкага з вёскі Рабкі Дзятлаўскага раёна, дзе ён нарадзіўся летам 1936 года. Маці была хатняй гаспадыняй, займалася гаспадаркай, гадавала дзяцей. Калі ж сям’я неўзабаве пераехала ў Навагрудак, пайшла на маслазавод. Бацька працаваў будаўніком, быў майстрам на ўсе рукі. Ён у 1937 годзе купіў каля Навагрудка зруб, перавёз яго ў горад і збудаваў хату. Там сям’я Чамярыцкіх перажыла ваеннае ліхалецце. Праўда, падчас вайны Вячаслаў пераважна жыў у Рабках.У ваенныя гады Вячаслаў Чамярыцкі пайшоў у школу, якая знаходзілася на ўскраіне Навагрудка. Але хутка школу спалілі партызаны. А пасля вайны хлопчыка запісалі ў другі клас беларускай школы, школа адчыніласяў будынку былой Навагрудскай беларускай гімназіі, у якой яшчэ ў 1920-я гады вучыўся Барыс Кіт і выкладаў Язэп Драздовіч.

Вячаслаў Антонавіч успамінае: “Мая непісьменная маці хацела, каб я добра вучыўся, казала мне: вучыся, сынок, панам будзеш. І я стараўся, бо даволі рана зразумеў, што навука сапраўды дапаможа здабыць больш людское жыццё. Помню, як толькі навучыўся чытаць, палюбіў кнігу. Чытаў з вялікай ахвотай. Мне пашанцавала, бо ў школьнай і ў гарадской бібліятэках было нямала літаратуры. На руках жа ў людзей, па хатах, трапляліся рэдкія кнігі на польскай і беларускай мовах, творы Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, заходнебеларускія выданні. Паступова ў мяне ўзрастала моцная цікавасць і цяга да гісторыі і культуры Беларусі, да беларускай літаратуры і роднага слова. Гэтаму спрыялі і само асяроддзе горада, дзе тады яшчэ чулася беларуская гаворка, старасвецкія муры навагрудскага замка, дзе рэхам аддаваліся галасы далёкіх гераічных стагоддзяў, імя славутага Адама Міцкевіча, а таксама цалкам беларускамоўнае асяроддзе роднай вёскі, дзе былі закладзены асновы маёй беларушчыны”.

Цікава, што выступаць у друку Вячаслаў Чамярыцкі пачаў з вершамі: з 1952 года ў навагрудскай раённай газеце “Новае жыццё”, а з 1959 – з рэцэнзіямі і артыкуламі пра творчасць маладых паэтаў.

У 1953 годзе Вячаслаў Чамярыцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння паехаў па размеркаванні настаўнічаць у Вілейскі раён, потым пераехаў у Маладзечна, дзе адпрацаваў інспектарам райана. І ў 1962 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Ужо тады стаў сур’ёзна цікавіцца новай беларускай літаратурай, захапляцца творчасцю Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Аднак унікальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага вызначыла навуковыя інтарэсы юнака. Яго прывабіла старажытная літаратура.

У 1967 годзе Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю, ён даследаваў беларускія летапісы і хронікі. Дысертацыя лягла ў аснову яго манаграфіі “Беларускія летапісы як помнікі літаратуры”, якая стала першай грунтоўнай працай пра гэтыя каштоўныя помнікі беларускага летапісання, падрыхтаваная па-беларуску маладым беларускім вучоным. Набыты даследчыцкі вопыт даў Вячаславу Чамярыцкаму магчымасць плённа ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да друку тэкстаў беларускіх летапісаў і хронік у вядомай акадэмічнай серыі “Поўны збор рускіх летапісаў”; стаць суаўтарам яго заахвоціў знакаміты гісторык Мікола Улашчык. Вячаслаў Чамярыцкі падрыхтаваў і ў 35 томе (1980 год) упершыню апублікаваў выдатны помнік летапісання Беларусі эпохі барока – Магілёўскую хроніку (у арыгінале, на польскай мове). Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле быў пачаты пераклад на сучасную беларускую мову і публікацыя для шырокага чытача (спачатку ў часопісе “Спадчына”) летапісных помнікаў Беларусі. А ў 1997 годзе яны выйшлі асобным выданнем у мінскім выдавецтве “Беларускі кнігазбор”.

Вельмі плённымі ў навукова-творчай біяграфіі Вячаслава Чамярыцкага былі 1990-я гады, а таксама пачатак ХХI стагоддзя, калі ён узначальваў у Інстытуце літаратуры аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры.Выдатным дасягненнем таленавітага калектыву навукоўцаў, якім кіраваў Вячаслаў Чамярыцкі, сталі падрыхтоўка і выданне “Гісторыі беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў” у двух тамах і “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры”. Гэта шмат у чым новыя і арыгінальныя, сапраўды этапныя працы як паводле багацця выкарыстанага фактычнага матэрыялу, так і па сваёй навуковай канцэпцыі і грунтоўнасці выкладу. Яны з’яўляюцца шматгадовым плёнам удумлівых навукова-даследчых распрацовак іх аўтараў і лепшых дасягненняў усяго айчыннага літаратуразнаўства ў вывучэнні тысячагадовай пісьмовай спадчыны беларускага народа. Гэтыя працы –таксама і вынік уласных шматгадовых навуковых намаганняў Вячаслава Чамярыцкага ў галіне гісторыі старажытнай беларускай літаратуры.

Цяпер Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць ужо дома, сам і ў суаўтарстве з пісьменнікамі і навукоўцамі.

Выдаў “Наваградчыну літаратурную” разам з пісьменнікам Яўгенам Лецкам. Паспрыяў, каб нарэшце была перакладзена з лацінскай мовы на беларускую і выдадзена ўнікальная кніга пра гісторыю Навагрудка, што ў 1759 годзе была апублікавана ў Львове і рэдкі асобнік якой ён у 1980-я гады адшукаў у невычэрпных кніжных сховах Ленінграда.

Як і ў кожнага чалавека ў салідным узросце, ёсць ў Вячаслава Антонавіча пытанні, якія хвалююць бяссоннымі начамі. Засмучаюць фізічная нямогласць і старэчыя гады, немагчымасць працаваць у былым рытме, адыход у лепшы свет родных, сяброў, калег. Але асабліва балюча перажываецца катастрафічны стан беларускай мовы, самага каштоўнага, самага дарагога духоўнага скарбу беларускага народа, асновы яго нацыянальнай ідэнтычнасці, культурна-гістарычнай незалежнасці.

Час бяжыць, мяняюцца пакаленні, але зробленае чалавекам застаецца на доўгія гады тым, хто прыйдзе пасля нас, хто будзе цікавіцца беларускай мінуўшчынай, набыткамі нашай гісторыі і літаратуры. І застанецца ў гісторыі імя нашага земляка – Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

3 часа ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

19 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

19 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

20 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

20 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

20 часов ago