Ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць не толькі вопытныя механізатары і вадзіцелі, але і працоўныя студэнцкія атрады, якія разам з аператарамі дапрацоўваюць збожжа новага ўраджаю на збожжасушыльных комплексах.
Для тых, хто не дасягнуў 16-гадовага ўзросту таксама знайшлася работа ў сельскай гаспадарцы. Навучэнцы і выпускнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы расказалі пра актыўнае лета-2023 у КСУП “Войневічы” і першыя заробкі.
Лізавета Грышук:
– Сёлета я скончыла дзявяты клас і паступіла на першы курс Слонімскага медыцынскага каледжа. Вырашыла зарабіць грошай, каб набыць усё неабходнае да навучальнага года. У гаспадарцы з 20 чэрвеня разам з аднакласнікамі працую на праполцы буракоў. Ужо атрымала першую зарплату, памер якой мне спадабаўся. Большасць патрачу на абнаўленне гардэроба і касметыку, але крыху пакіну на прысмакі. На наступны год абавязкова вярнуся сюды працаваць на сушылку.
Дар’я Сідэнка:
– Сельская гаспадарка для мяне знаёмая з дзяцінства: у КСУП “Войневічы” вадзіцелем на МАЗе працуе мой тата Андрэй. У гэтым годзе я скончыла першы курс Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і прыехала на малую радзіму. Гэта мой трэці сезон на КЗСВ-30, працую са знаёмымі, з кім хадзіла ў адну школу. Рада, што сёлета расцэнкі работы на сушылцы істотна павысіліся. У час канікулаў хочацца, з аднаго боку, пабыць дома, з другога – зарабіць пабольш грошай для ўласных патрэбаў, магчыма, пры дапамозе бацькоў куплю сабе новы тэлефон або новыя ўборы. На наступны год думаю папрацаваць па спецыяльнасці.
Дзіяна Чарнуха:
– Я на сушылцы другі год, сама вучуся ў гімназіі-каледжы мастацтваў горада Маладзечна на акцёрскім факультэце. Вельмі падабаецца работа ў студатрадзе: кожны раз новыя эмоцыі, знаёмствы, уражанні. Асаблівых складанасцяў няма, да ўсяго прывыкла, затое можна шмат размаўляць з равеснікамі на розныя тэмы, весела бавіць час. На жаль, сёлета мой апошні год тут, на наступны будзе размеркаванне і першае месца працы па спецыяльнасці ў Маладзечне.
Андрэй Саўко:
– У гэтым годзе скончыў сярэднюю школу, падаў дакументы на наступную ступень адукацыі. Каб не марнаваць час канікулаў, прыйшоў разам з сябрамі папрацаваць на збожжасушыльны комплекс. Тут выдатна: заробкі высокія, кормяць смачна, умовы таксама задавальняюць. На пачатку лета паспеў папрацаваць на каласках (відавая праполка – рэд.). Усё заробленае патрачу на новы гардэроб: люблю модна апранацца.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga