“Да мы Юр’е сустрачаем, да мы Бога велічаем!” (+відэа)

Першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Гродзенскай вобласці, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як адметная рыса праяўлення лакальнай культурнай традыцыі з прысваеннем катэгорыі “А”, – гэта аўтэнтычны абрад святкавання Юр’я ў вёсцы Ахонава.

Мясцовымі жыхарамі свята шануецца так, як другі Вялікдзень, і адзначаецца з даўніх часоў. У абрадавых песнях вяскоўцы просяць у святога Юрыя заступніцтва, багатага ўраджаю, добрага надвор’я, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту.

Сёлета 5 мая фальклорны гурт ахонаўскіх жанчын разам з пераемнікамі традыцыі з гарадскога пасёлка Наваельня, у ліку якіх былі работнікі культуры і дзеці, сабраўся, каб у чарговы раз правесці святочны абрад і азнаёміць з ім жыхароў Беларусі, паколькі на свята на Дзятлаўшчыну прыехала здымачная група канала Беларусь-3 праграмы “Жывая спадчына” і журналісты БЕЛТА.

Абрадавая дзея пачалася ля ўпрыгожанага крыжа на ўездзе ў Ахонава, якому жанчыны і дзяўчаты кланяліся з надзённымі просьбамі:

– Святы Юрый, памажы нам ва ўсім добрым: дай нам меру сонца, цяпла, дожджыку, каб вырасла травіца для жывёлы, на палях былі   добрыя ўсходы жыта, пшаніцы і ўсякай пашніцы, здароўя ўсім  людзям і скацінцы.

І вось над вёскай, якая ўжо ўбіраецца ў зеляніну і першую квецень садоў, паліліся мілагучныя песні-звароты, каб “ад зімовых замкоў адамкнулася родная зямліца, выйшла расіца, расло жыта і пшаніца караністыя ды каласістыя, каб з кожнага сцяблочка – ды жыта бочка”.

Па старадаўняй традыцыі ахонаўскія спявачкі прайшліся ад крыжа на ўездзе да таго, што стаіць ля мясцовай царквы. Па дарозе, вядома ж, узгадвалі народныя юр’еўскія прыкметы, сярод якіх: “калі дождж на Юр’е, то будзе хлеб і ў дурня; калі на Юр’е вялікая раса, то будзе шмат грыбоў у лесе. Расказалі вяскоўцы і пра святочную варажбу: на Юр’е дзяўчаты ішлі на мяжу да ўсходу сонца, збіралі 12 кветачак, плялі маленькі вяночак, надзявалі мезінец, ішлі моўчкі дадому і клаліся спаць, верылі, што  пасля таго прысніш жаніха”. Каб абараніць жывёлу, гаспадыні асвячалі ў царкве на Юр’е першыя веснавыя кветкі і назаўтра давалі карове з хлебам, каб не хварэла і давала шмат малака. У гэты дзень дзяўчаты бегалі да ручая і для прыгажосці ўмывалі твар.

Ля другога крыжа таксама спыняліся з малітвамі і песнямі, а затым узгадвалі, колькі за год у Ахонава вяселляў згулялі, бо яшчэ адна юр’еўская традыцыя – спяваць маладым “Малодачку”:

Маладая, маладая малодачка,

Выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь падарачак.

Падарачак – паясочак.

Копу яек на паўміску,

Каўбасою акружыці,

Белым сырам залажыці.

У сваю чаргу малодачка выходзіла з юр’еўскім паяском і кошыкам пачастункаў. Паясок кідала спявачкам, яго спачатку перацягвалі, нібыта спрабавалі парваць, а затым жанчыны разразалі, яго бо верылі, што кожны кавалачак мае магічную сілу: каб дзіцятка не хварэла, ад грому, ад ліхіх вачэй, каб жывёла вялася.

Павіншаваўшы ўсіх маладзіц, якія сёлета выйшлі замуж, удзельнікі шэсця збіраліся ў адной хаце частавацца гасцінцамі і спяваць вясёлыя песні. А назаўтра за ваколіцай выконвалі развітальную песню “Праважаем Юр’е за сяло”.

Увесь гэты абрад ахонаўцы і іх пераемнікі правялі на працягу некалькіх гадзін, цяпер, спадзяёмся, убачаць не толькі на старонках раённай газеты, але і па тэлебачанні, пачуюць нашы ахонаўскія аўтэнтычныя песні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

11 часов ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

11 часов ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

13 часов ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

13 часов ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

13 часов ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

16 часов ago