Герой легендарнай савецкай кінастужкі “В бой идут одни “старики” Аляксей Цітарэнка, або “Маэстра”, ролю якога бліскуча сыграў Леанід Быкаў, любіў паўтараць: “Усё часовае, а музыка — вечная”. З гэтым выслоўем поўнасцю згодны малады спецыяліст Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Дзмітрый Басай. Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць і адказнасць абранай прафесіі, Дзмітрый цесна сябруе з музыкай і добрымі жартамі, без якіх не ўяўляе свайго жыцця.
Як такія палярныя якасці характару, як сур’ёзнасць і тонкае пачуццё гумару, цвёрдасць і вясёласць, сабранасць у час работы і ўменне “заразіць” добрым настроем дзясяткі людзей у час адпачынку, спалучаюцца ў адным чалавеку, высвятляла карэспандэнтка газеты.

.
Дзмітрый Басай нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, вучыўся спачатку ў сярэдняй школе №1, пасля — у сярэдняй школе №3, выпускніком якой і з’яўляецца.
— У той час, як мае сябры марылі стаць лётчыкамі, ратаўнікамі, касманаўтамі, — узгадвае Дзмітрый, — я хацеў стаць доктарам. Медыцына вабіла мяне сваёй значнасцю ў жыцці людзей, мноствам таямніц, якія на працягу свайго існавання імкнецца разгадаць чалавецтва. Так, пасля школы я паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вучыўся ў тэрапеўтычнай групе на платным аддзяленні і меў права выбіраць спецыялізацыю, таму, калі ў час размеркавання мне прапанавалі ехаць працаваць у Дзятлава анестэзіёлагам-рэаніматолагам, згадзіўся без ваганняў. Многія, пачуўшы такое, цікавяцца: ці не было страшна? Дык я лічу, што медыцына — гэта ўжо для многіх страшна, а для мяне — цікава. Мая цяперашняя спецыяльнасць дае магчымасць працаваць у розных галінах медыцыны: анестэзіёлагі патрэбны і немаўлятам, і парадзіхам, і дарослым. Рэаніматолагам працаваць больш складана, бо гэта менавіта той доктар, якому даводзіцца брацца за справу ў самыя крытычныя моманты. За год, які працую ў Дзятлаве, мне ўжо даводзілася вяртаць да жыцця некалькі хворых.
Дзмітрый не шкадуе, што вярнуўся працаваць на малую радзіму. Ён зазначае, што ўжо з трэцяга курса пачаў праходзіць практыку ў хірургічным аддзяленні менавіта Дзятлаўскай ЦРБ. Хлопца цёпла сустрэў калектыў. Раілі, падказвалі, дапамагалі, калі тэорыя разыходзілася з практыкай. Цяпер Дзмітрый Басай працуе ў аддзяленні рэанімацыі, дзе яму таксама вельмі падабаецца, і малады спецыяліст удзячны дактарам і медыцынскім сёстрам аддзялення за разуменне, падтрымку, сяброўскія адносіны. Малады анестэзіёлаг-рэаніматолаг пакуль што не можа дакладна сказаць, ці застанецца ў раёне надалей пасля адпрацоўкі.
— Усё вырашыць лёс, — зазначае Дзмітрый.
А цяпер хлопец старанна працуе і стараецца штодзень зазірнуць у спецыяльную літаратуру, бо ўпэўнены, што час не стаіць на месцы. Вучоныя распрацоўваюць новыя лекі, амаль кожны год навінкі ідуць у вытворчасць, і дактары павінны ведаць пра іх уласцівасці, уплыў на арганізм чалавека. Варта ведаць і пра новыя вірусы і хваробы, якія пагражаюць людзям. Сапраўдны доктар павінен на працягу сваёй практыкі ўдасканальваць веды і навыкі, павышаць кваліфікацыю — толькі ў гэтым выпадку ён будзе расці прафесійна.
Так адбываецца ў працоўныя будні, а ў выхадныя моладзь райцэнтра можа пабачыць Дзмітрыя Басая ў ролі ды-джэя на дыскатэцы ў кінатэатры “Спадарожнік”, і менавіта Дзіма сёлета дарыў добры настрой удзельнікам раённага моладзевага турысцкага злёту ў час  дыскатэкі. Рабіць гэта яго вымушае захапленне музыкай, якая не ведае межаў і ўзростаў.
На маё пытанне, як удаецца сумяшчаць сур’ёзнае і вясёлае, Дзмітрый адказвае коратка:
— Веды — для прафесіі, музыка — для душы.
Музыкай Дзмітрый Басай захапляўся таксама з дзяцінства, ды ці магло быць інакш, калі бацька хлопца — музыкант. Але сын стаць прафесіяналам не збіраўся, вырашыў, што музыка — захапленне, якое будзе дапамагаць у жыцці. Яно і дапамагала: быў ды-джэем у школе, агучваў канцэрты ва ўніверсітэце, у час студэнцтва працаваў дыджэем у гродзенскім кафэ “Н2О”, а па выхадных — на дыскатэцы ў Дзятлаве. Так зарабляў грошы, якія для студэнта лішнімі не бываюць. Цяпер Дзмітрый адносіць сябе да “аматараў”. Каб не страціць навыкі ды-джэя, па выхадных заходзіць у кінатэатр “Спадарожнік”, просіць работнікаў даць яму “пакруціць” некалькі саўндтрэкаў.
— Вядома, музычная мода пастаянна мяняецца, — расказвае Дзмітрый. — Пад тое, што было папулярным яшчэ некалькі гадоў таму, сёння ўжо не танцуюць. Але і ў сучаснай музыцы ёсць свая класіка, якую любяць і ўспрымаюць прадстаўнікі любога пакалення. Напрыклад, “It’s My Life” групы “Bon Jovi”. А ўжо з якога трэка “разагрэецца” зала, залежыць ад самой публікі, — упэўнены ды-джэй са стажам.
Уменне падабраць музыку і “завесці” танцораў — далёка не адзіны талент маладога доктара. У студэнцкія гады ён “захварэў” на КВЗ і нават стварыў сваю каманду вясёлых і знаходлівых пад назвай “Інтэрнацыяналь”. Такая нестандартная для гумарыстаў назва з’явілася, дзякуючы складу каманды. У яе ўваходзілі будучыя дактары розных нацыянальнасцяў: акрамя беларусаў, былі індус і туркмен. Туркмен нават з’яўляўся своеасаблівай “фішкай” “Інтэрнацыяналю”, бо вельмі смешна вымаўляў рускія словы.
Карыстаючыся выпадкам, цікаўлюся ў Дзмітрыя Басая, чаго ж не хапае моладзі нашага раёна для цікавага адпачынку, чым яна абдзелена?
Мой субяседнік адказвае:
— Сярод плюсаў — кіно ў 3D-фармаце, але маладыя дзятлаўчане слаба наведваюць кінатэатр. Яшчэ ў горадзе вельмі не хапае акуратных, чыстых кафэ. Моладзі райцэнтра ўвечары амаль няма дзе пасядзець за кубачкам чаю. Чаму існуе столькі праблемаў у сферы грамадскага харчавання? Чаму няма яшчэ аднаго канкурэнтаздольнага начнога клуба?
На пытанне, як ён сам звычайна адпачывае, Дзмітрый адказвае:
— Люблю падарожнічаць за рулём свайго аўтамабіля, спыняцца там, дзе спадабалася, каб паглядзець новыя мясціны. Я ўжо паспеў пабыць ва Украіне, Польшчы. Нядаўна ездзіў на лінію Сталіна і ў Мірскі замак, дзе мне вельмі спадабалася. І ў наступную сваю паездку я запрасіў сяброў.
Напрыканцы нашай размовы Дзмітрый Басай адрасаваў некалькі словаў моладзі Дзятлаўшчыны.
— Не марнуйце час дарэмна: жыццё хутка праходзіць. Ці не шкада патраціць яго на шкодныя звычкі, калі вакол столькі цікавых адкрыццяў, якія чакаюць вас? Не заставайцеся раўнадушнымі, не сядзіце склаўшы рукі, не чакайце, пакуль хто-небудзь дапаможа — самі рабіце сябе і блізкіх шчаслівымі, а свет прыгажэйшым!
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации