Вызначэнне ўласнага імя, імя па бацьку, прозвішча, грамадзянства, месца жыхарства дзяцей, іх выхаванне, догляд, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў – усё гэта адносіцца да асабістых немаёмасных правоў і абавязкаў бацькоў.
Нараджэнне дзіцяці павінна быць зарэгістравана ў аддзеле ЗАГС або сельскім выканаўчым камітэце па месцы жыхарства бацькоў. Прысваенне яму прозвішча, імя, імя па бацьку рэгламентуецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і.
Так, па агульным правіле, прозвішча дзіцяці вызначаецца прозвішчам бацькоў. Пры розных жа прозвішчах, дзіцяці прысвойваецца прозвішча бацькі або маці па пагадненні бацькоў.
У практыцы існуюць сітуацыі, калі згода бацькоў у прысваенні аднаго з прозвішчаў адсутнічае. У гэтых выпадках рашэнне прымае орган апекі і папячыцельства, і па яго ўказанні дзіцяці прысвойваецца прозвішча аднаго з бацькоў.
Не выклікае сумненняў, што такія спрэчкі павінны вырашацца толькі зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці. Пры гэтым пад увагу могуць прымацца самыя разнастайныя фактары, уключаючы, напрыклад, немілагучнасць прозвішча аднаго з бацькоў, што ў наступным можа выклікаць насмешлівае або непаважлівае стаўленне да дзіцяці.
Лёсы сем’яў розныя: адны жывуць у міры і згодзе, іншым трэба будзе перажыць сямейныя трагедыі (развод, смерць мужа, маральнае падзенне і многае іншае). І ў гэтых выпадках дзяржава на баку непаўналетніх і абараняе іх інтарэсы.
Так, спыненне шлюбу паміж бацькамі або прызнанне яго несапраўдным не з’яўляецца падставай для змянення прозвішча дзіцяці.
Але калі той з бацькоў, у якога дзіця засталося пражываць пасля спынення шлюбу, прызнання яго несапраўдным або пасля ўступлення ў новы шлюб (як правіла, гэта маці), жадае прысвоіць дзіцяці сваё прозвішча, орган апекі і папячыцельства мае права дазволіць змяненне прозвішча зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці. Аднак, што немалаважна, пры гэтым другі з бацькоў не губляе сваіх правоў і не вызваляецца яго ад абавязкаў па матэрыяльным забеспячэнні дзіцяці і ўдзелу ў яго выхаванні.
У такім жа парадку вырашаецца пытанне аб змяненні прозвішча дзіцяці ў выпадку пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў.
Важна звярнуць увагу на той момант, што змяненне прозвішча дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў, ва ўсіх выпадках адбываецца з яго згоды, гэта яго права. Згода выяўляецца органамі апекі і папячыцельства. А той з бацькоў, чыё прозвішча носіць дзіця, атрымлівае ўведамленне аб узбуджэнні хадайніцтва аб змяненні прозвішча дзіцяці. І яго меркаванне нароўні з іншымі абставінамі ўлічваецца органамі апекі і папячыцельства.
Перамена прозвішча абодвума бацькамі абавязвае да змянення прозвішча і іх дзіцяці, якое не дасягнула шаснаццаці гадоў.
Яшчэ прозвішча дзяцей можа быць зменена пры ўсынаўленні і ўстанаўленні мацярынства i (або) бацькоўства.
Пасля таго як у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прозвішча непаўналетняму дзіцяці было зменена, орган ЗАГСа ўносіць змяненні прозвішча ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці і выдае заяўніку новае пасведчанне аб нараджэнні, а раней выдадзенае пасведчанне анулюецца.
Па дасягненні шаснаццаці гадоў грамадзянін Рэспублікі Беларусь асабіста ў пісьмовай форме можа падаць заяву аб рэгістрацыі перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку.
Святлана ВІНАКУРАВА,
галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga