За чысціню горада адказваюць першым парадкам яго жыхары. Менавіта таму суботнік аб’яднаў дзятлаўчан, каб яны разам змаглі акультурыць родныя вуліцы і падрыхтаваць кожны гарадскі куток да лета.

Цікава, як ацанілі высакародныя старанні жыхары і госці Дзятлава?

– У нас вельмі прыгожы горад, і гэтую прыгажосць мы павінны падтрымліваць і нават паляпшаць. Я прымала ўдзел у суботніку, мы пасадзілі цэлы парк бяроз каля возера. Якая прыгажосць будзе, калі яны вырастуць!

Тамара Цярэшка, жыхарка горада

– Я ўдзельнічаў у навядзенні парадку ў горадзе і радасна, што змог ўнесці свой уклад. З калегамі мы пасадзілі больш за 200 дрэваў. Парадак у горадзе – гэта і беражлівыя адносіны да прыроды, тым больш у нашым зялёным Дзятлаве. Калі кожны чалавек будзе сачыць за парадкам, не пакідаць пасля сябе смецце ў грамадскіх месцах, не псаваць расліны, то ў нас заўсёды будзе акуратна і чыста.

Мікалай Варабей, жыхар горада

– Я магу параўнаць Дзятлава з тым, якое яно было шмат гадоў таму. Хачу сказаць, што горад вельмі змяніўся, стаў больш прыгожым і дагледжаным. Бываю ў Дзятлаве не вельмі часта, але сюды прыемна прыязджаць, мне падабаецца тут хадзіць па вуліцах. Відаць, што людзі імкнуцца падтрымліваць горад у чысціні.

Ірына Гародка, жыхарка вёскі Дзянісава

– Мне падабаецца, як чыста ў нашым горадзе. Пасля зімы прыбралі ў парках і на вуліцах горада – адразу і настрой палепшыўся. Усё вясновае, яркае, усюды чысціня і парадак. Такі стан горада абавязкова трэба падтрымліваць, а суботнік – гэта мерапрыемства, на якім жыхары горада аб’ядноўваюцца дзеля агульнай добрай мэты. Пакуль мне дазваляла здароўе, я заўсёды з энтузіязмам прымала ўдзел у суботніках. Мая сястра прыязджае да нас з Расіі і кажа, што ў нас сапраўдны рай у горадзе. Любіць гуляць тут, разглядаць кветкавыя клумбы, бо яны ў нас у горадзе заўсёды дагледжаныя.

Алена Гоман, жыхарка горада

– Я часта бываю на стадыёне, гуляю ў футбол і хакей. Прыемна, што за нашымі спартыўнымі пляцоўкамі даглядаюць, робяць тут рамонт. Гэта ўплывае на якасць трэніровак спартсменаў. Дзякуючы суботніку, у нас акультурыўся стадыён. Сюды, дарэчы, многія прыходзяць не толькі займацца спортам, але і адпачываць.

Ілля Котаў, жыхар горада

– Дзятлава цешыць вока, і я магу сказаць, што нават паветра ў горадзе становіцца іншым пасля навядзення парадку. Я лічу, што людзі не павінны ленавацца рабіць наш горад яшчэ прыгажэй. Нават такія простыя рэчы, як выкінуць абгортку ад цукеркі ў сметніцу, могуць спрыяльна ўплываць на агульную карціну. Тое, як мы ставімся да сваёй мясцовасці, бачаць нашы дзеці, і яны абавязкова будуць прытрымлівацца нашага прыкладу.

Таццяна Смаляк, жыхарка вёскі Сачыўляны

Юлія БАКУНОВІЧ

Стоит почитать:

Суботнік на хакейнай пляцоўцы ў Дзятлаве. Удзел у ім прыняў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. (+відэа)

Суботнік на Дзятлаўшчыне. Каля возера садзяць бярозы (фотарэпартаж)

Суботнік на Дзятлаўшчыне. Парадак па вуліцы Кірава

 

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации