18 красавіка дэлегацыя Дзятлаўскага раёна прымала ўдзел ва ўрачыстасці, на якой дадзены старт абласному праекту “Чырвоная зорка героя”.
Ён скіраваны на ўвекавечанне памяці абаронцаў Радзімы і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, уключае ў сябе мерапрыемствы па пошуку пахаванняў ветэранаў, збору звестак аб іх, устаноўцы сімвала – чырвонай зоркі. Гэты знак увасабляе гераізм і мужнасць загінулых у гады вайны салдат і служыць напамінам аб важнасці захавання гістарычнай памяці.
80 крыштальных зорак выраблены і перададзены майстрамі ААТ “Шклозавод “Нёман” у раёны Гродзенскай вобласці.
Урачыстасць была адметна яшчэ і тым, што ў час яе жыхарам Прынёмання з актыўнай жыццёвай пазіцыяй былі ўручаны Падзячныя лісты Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Адным з іх адзначана наша зямлячка дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.
– Ліст Прэзідэнта – гэта не проста знак удзячнасці і ветлівасці, гэта доказ каштоўнасці ўкладу кожнага беларуса ў будаўніцтва нашай будучыні. Наш кіраўнік дзяржавы – гэта цытадэль, а мы ўсе павінны быць яго апорай і падтрымкай. Толькі так зможам паказаць усяму свету, што жывём у моцнай, незалежнай краіне і гатовы стаць на яе абарону ў любы момант, – падзялілася ўражаннямі Таццяна Нікіпорчык.


Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Таццянай НІКІПОРЧЫК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#награда #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина