Кожны дзень у летніку “Сонейка” Жукоўшчынскай базавай школы напоўнены новымі падзеямі, творчасцю, спортам і морам станоўчых эмоцый. За некалькі мінулых дзён дзеці пабывалі ў школьных музеях Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, сярэдніх школ № 1 імя А. М. Чурылы і № 3 імя І. Ю. Філідовіча. Экскурсаводы правялі для іх цікавыя і пазнавальныя экскурсіі па розных экспазіцыях, якія захоўваюць багатую спадчыну і гісторыю нашага краю.

Наведалі яны і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, дзе асаблівую цікавасць у дзяцей выклікалі веліч храмаў і размовы са святарамі.

Пабывалі на пляжы ў Дзятлаве і на ТАА “Белтэрміз”, пазнаёміліся з прадпрыемствам і даведаліся аб тэхналагічных працэсах на вытворчасці.
Прайшліся па малым крузе экалагічнага маршруту “Зялёнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы” працягласцю 1300 метраў.

Выхаванцы дзённага выхаваўча-аздараўленчага летніка “Пазітыў” Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР правялі незабыўны дзень, адправіўшыся ў студыю роставых лялек “Церамок”. Сустрэча з любімымі персанажамі, вясёлыя гульні, танцы і казачная атмасфера пакінулі яркія ўражанні ва ўсіх удзельнікаў. Адным з самых запамінальных момантаў стала акунанне ў свет серабрыстай мішуры, а кульмінацыяй сустрэчы – магчымасць пабываць унутры вялізнай мыльнай бурбалкі.

Лета – час падарожжаў, новых знаёмстваў і адкрыццяў. Пад такім дэвізам праходзіць змена дзённага выхаваўча-аздараўленчага летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы.

Выхаванцы на гэты раз наведалі 116-ю гвардзейскую Радамскую Чырванасцяжную штурмавую авіяцыйную базу ў Лідзе, даведаліся пра гісторыю яе ўзнікнення. Спадабаўся дзецям музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам і пакой баявой славы. Яны пазнаёміліся з асаблівасцямі службы лётчыкаў, нават згулялі ў шахматы з адным з афіцэраў.

Асаблівыя эмоцыі выклікаў аповед пра лётчыкаў, якія 19 мая загінулі пры выкананні трэніровачнага палёту і ўдастоены звання “Герой Беларусі. Пасмяротна” за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку. У школьнікаў таксама была магчымасць паўдзельнічаць у сімуляцыі палёту, сабраць і разабраць аўтамат.
Выхаванцы выхаваўча-аздараўленчага летніка “Эрудыт+” гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Асабліва ўразіў іх спуск у падвал, які знаходзіцца ў самым цэнтры касцёла. Тут дзеці ўбачылі шмат старадаўніх прадметаў, якія захаваліся да нашых дзён, зацікавіліся адной з найстарэйшых славутасцяў – арганам.

А яшчэ адправіліся на незвычайную экскурсію па родным горадзе з аўдыягідам. Выхаванцы змаглі наведаць знакавыя аб’екты горада, знаёмячыся з яго гісторыяй і славутасцямі. Пачулі цікавыя факты пра палац Радзівілаў, плошчу 17 Верасня, былую сінагогу, касцёл, помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны.

Галоўнае, лета праходзіць для дзяцей з карысцю.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
#образование