Прафесія педагога складаная, шматгранная і вельмі адказная.

Настаўнікі не проста вучаць дзяцей чытаць, правільна пісаць і лічыць, іх галоўная задача – выхаваць годнага чалавека. Паспяховымі ў гэтай нялёгкай прафесіі становяцца людзі па-сапраўднаму адданыя любімай справе, здольныя зразумець і зацікавіць, “запаліць” у сэрцах дзяцей іскрынкі творчага пошуку і імкнення да новых адкрыцяў.

Такім чалавекам, на мой погляд, з’яўляецца маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, яна ж намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Марына Нячай.

Марына Міхайлаўна напярэдадні прафесійнага свята расказала аб настаўніцкіх буднях, любові да прафесіі і творчых пошуках.

У наш час нямногія маладыя людзі мараць стаць педагогамі, чым вас прывабіла прафесія?

– Усё пачалося, калі я сама была вучаніцай. У дзяцінстве любіла гуляць у школу. У мяне былі сшыткі і журналы. У чацвёртым класе дакладна вырашыла кім быць. На ўроках уважліва назірала за работай сваіх настаўнікаў. Не ўсё разумела, але вельмі хацела рабіць тое ж.

Пасля 11 класа, без ваганняў, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “беларуская філалогія”. На выбар паўплываў прыклад настаўніцы з Лявонавіцкай школы, якая прывіла мне любоў да роднай мовы.

Пяць гадоў навучання ва ўніверсітэце, год вучобы ў магістратуры надалі ўпэўненасці ва ўласных сілах. З 2016 года працую настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Раклевіцкім дзіцячым садзе-базавай школе. Раней была метадыстам у аддзеле адукацыі, але перавагу вырашыла аддаць менавіта рабоце з дзецьмі. Праз паўтара года мне прапанавалі падняцца яшчэ на адну прыступку кар’ернай лесвіцы – стаць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Аб прыняцці такога рашэння не пашкадавала. У нас выдатны калектыў, добры дырэктар, вопытны намеснік па вучэбнай рабоце. Па кансультацыю можна звяртацца і ў аддзел адукацыі да галоўнага спецыяліста.

З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся ў рабоце?

– Самы складаны быў першы год. Універсітэт дае грунтоўныя веды па тэорыі, а на практыцы – усё інакш. Даводзілася многаму вучыцца ў старэйшых калег. Цяпер таксама ёсць цяжкасці ў рабоце. Але ж гэта характэрна і для іншых прафесій. Калі разважаць пра плюсы і мінусы настаўніцтва, то сярод мінусаў – вялікая колькасць папераў. Але калі працуеш на вынік – выкладваешся на сто працэнтаў, выбраў сабе такі шлях – трэба працаваць сумленна.

Што вам больш за ўсё падабаецца ў рабоце?

– Вельмі цікава працаваць з дзецьмі: я не толькі вучу іх, але і сама ў іх шмат чаму вучуся. Мне падабаецца дзіцячая аткрытасць і добразычлівасць. Кожны раз мы робім нейкае адкрыццё, пазнаём штосьці цікавае. У настаўнікаў насычанае жыццё і па-за межамі школы. Даводзіцца прымаць актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах.

Мне падабаецца атмасфера добразычлівасці паміж калегамі-педагогамі. Усе мы – адна настаўніцкая сям’я, а дырэктар школы, Аляксандр Іванавіч Васюкевіч, наш добры бацька. Калектыву Раклевіцкай школы ўласцівы ўзаемадапамога і ўзаемападтрымка.

Ці здараюцца канфлікты з вучнямі, як іх вырашаеце?

– Паразуменне з дзецьмі ёсць, а канфлікты стараюся вырашаць мудра. Калі вучань не паспеў выканаць заданне, высветлю чаму, прапаноўваю прынесці гатовае практыкаванне на наступны занятак. Не прымушаю дзяцей рабіць тое, што ім не па сілах, бо ўсе навучэнцы рознага ўзроўню развіцця, стараюся выяўляць здольнасці кожнага з іх. Часам дзецям не хапае добрага слова, а, бывае, патрэбна строгасць. Галоўнае – заўсёды заставацца чалавекам, ставіць сябе на месца іншага. Мы імкнёмся выхаваць творчых, ініцыятыўных дзяцей. Стараемся і самі быць ва ўсім прыкладам для вучняў.

Што параіце маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць свой педагагічны шлях?

– Па-першае, не баяцца цяжкасцяў, а яны будуць. Першы год – самы складаны, бо ідзе адаптацыя да новага месца. Не трэба за ўсё адразу хапацца, бо не паспееце. Плануйце час. Я на кожны дзень раблю спіс, што павінна зрабіць. Калі зрабіла ўсё – выдатна, калі не паспела – справы пераносяцца на заўтра. Заўсёды знаходзьце магчымасць адпачыць. Наладзьце адносіны са старэйшымі калегамі, якія будуць вам дапамагаць, бо маладому спецыялісту неабходны вопыт. На чужых прыкладах навучыцца лягчэй.

Не забывайце, што ёсць культурна-грамадскае жыццё, праз якое можна раскрыць сябе. Будзьце актыўныя. Калі чаго-небудзь не ведаеце, не рабіце выгляд “разумніка”, ніколі не падманвайце дзяцей: яны гэта хутка зразумеюць. Не валодаеце інфармацыяй – скажыце вучням, што даведаецеся і на наступны раз адкажаце. Заўсёды памятайце, што толькі праз пэўны час работы можна зразумець, ці свой шлях ты выбраў. Калі не свой – яшчэ не позна пайсці ў іншую сферу. Калі няма жадання дапамагаць дзецям, вучыць іх, лепш не брацца за справу. Выбірайце прафесію для душы.

Што пажадаеце калегам да Дня настаўніка?

–  Аптымізму, добрага настрою, крэатыўных і творчых вучняў, каб   побач быў калектыў аднадумцаў. Нам, педагогам, важна мець добры аўтарытэт. Па парады дзеці найперш ідуць да свайго настаўніка. Што мы “закладзём” у дзіцячыя душы, тое і атрымаем у будучым. Самае галоўнае, што жадаю – не расчаравацца ў прафесіі.

Святлана АБРАМЧУК

administrator

Recent Posts

Збожжа – у засеках, каравай – на стале

Весела і ўрачыста з песнямі ад мінскай групы “Добрыя людзі”, шчырымі пажаданнямі і заслужанымі ўзнагародамі…

9 часов ago

Выгодная подготовка к новому учебному году вместе с официальными дилерами А1!

До начала учебного года осталось совсем немного времени, а значит, сейчас самое время подготовиться к…

10 часов ago

Александр Лукашенко о неформальных переговорах с Президентом Мьянмы: обсудили все направления сотрудничества

Президенты Беларуси и Мьянмы во время состоявшейся 20 августа неформальной встречи обсудили все направления сотрудничества.…

13 часов ago

Дзятлаўчане на абласной жнівеньскай педагагічнай нарадзе

21 жніўня ў Гродне прайшла традыцыйная штогадовая жнівеньская педагагічная нарада, якая сабрала разам кіруючых работнікаў…

14 часов ago

Актуальнае меркаванне. Доўгатэрміновы працэс, які складаецца з адказных дзеянняў кожнага

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

16 часов ago

Госавтоинспекция напоминает правила проезда перекрестков и пешеходных переходов!

Анализ аварийности на территории Гродненской области свидетельствует о том, что одними из причин совершения дорожно-транспортных…

17 часов ago