Ва ўсіх гаспадарках Дзятлаўшчыны прадаўжаецца масавая ўборачная кампанія.

Аграрыі навучыліся адаптавацца да капрызнага надвор’я і браць максімум ад сухіх сонечных дзён. Так у КСУП “Жукоўшчына” уборку азімага трыцікале пачалі адразу 4 камбайны КЗС-1218, на адвозцы новага ўраджаю – 4 МАЗы.

– Звычайна работа пачынаецца з 9-10 гадзін раніцы, калі сыдзе раса. Тут усё залежыць ад культуры, якую ўбіраюць, – тлумачыць “кухню” жніва галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Жэгала. – Працуем да заканчэння светлавога дня. Напрыклад, яравы ячмень можна малаціць без асаблівых стратаў да 8-9 гадзін вечара, а пшаніцу – і ўвогуле да 10-11.  Працэс ідзе няблага, ужо завяршаем выкананне дзяржзаказу. Трыцікале будзем нарыхтоўваць для сябе на фураж, азімы рапс – на алеянасенне.

Па словах галоўнага агранома, ураджай па многіх культурах лепшы, чым летась. Добра ўрадзіў яравы ячмень, які ўжо сабралі на плошчы 65 гектараў, практычна завершана ўборка азімай пшаніцы, вынік на ўзроўні мінулагодняга. Наперадзе –яравая пшаніца, авёс, гарох, азімае жыта.

На жніве ў КСУП “Жукоўшчына” вопытныя механізатары не саступаюць моладзі ў тэмпах уборкі, яны – у лідарах па гаспадарцы. Пяты год запар у адной камандзе на камбайне працуюць Аляксандр Аўцынаў і Вячаслаў Стасюкевіч. Аляксандр Сяргеевіч тутэйшы, жыхар вёскі Страла нашага раёна. У гаспадарцы працуе 15 гадоў, дзесяцігоддзе з іх – за рулём камбайна.

– Прывык ужо быць занятым на ўборцы збожжа, рапс не ўбіраю, – расказвае мужчына. – Ганаруся тым, што разам з усёй краінай раблю свой унёсак у беларускі каравай. Ураджай сёлета неблагі – будзем з хлебам!

Памочнік камбайнера Вячаслаў Стасюкевіч – вопытны механізатар, які ўвесь свой працоўны стаж кіраваў уборачнай тэхнікай.

– Цяпер выйшаў на пенсію, саступіў галоўнае месца малодшаму таварышу па працы,  дапамагаю яму на жніве, – тлумачыць Вячаслаў Сцяпанавіч. – Маю жаданне яшчэ быць карысным сваёй гаспадарцы, чаму б не папрацаваць?! Калі надвор’е і тэхніка не падвядуць, пастараемся сёлета нажаць сваю “тысячу”.

У 22-гадовым узросце мужчына прыехаў з Брэсцкай вобласці разам з сям’ёй на Дзятлаўшчыну ў пошуках “шчасця”, тут “пусціў карані”: прырос душою да дзятлаўскіх мясцін і да сельскай гаспадаркі. Яго жонка Галіна Мікалаеўна працавала ў Жукоўшчыне паштальёнам, сёлета выйшла на заслужаны адпачынак. Яна падтрымлівае і ганарыцца сваім мужам-хлебаробам.

Сяргей Смяцкі працуе ў КСУП “Жукоўшчына” крыху больш за пяцігоддзе. Усё жыццё прысвяціў ваеннай справе, у Беларусь прыехаў з Урала служыць і застаўся тут. Мужчына даўно мае званне “Ветэран працы”, але не любіць сядзець склаўшы рукі нават на заслужаным адпачынку. Цяпер ён прадаўжае працаваць на мірнай хлебаробнай ніве, пры гэтым ні ў чым не саступаючы малодшым калегам.

– Прывык усё жыццё працаваць і цяпер не адступаю ад гэтай звычкі, – гаворыць ён. – Быў на першым месцы па перавозках, цяпер – другі. Моладзь пакуль перагнала: у мяне невялікі МАЗ, у іх – большыя. Думаю, за лідарства па выніку жніва мы яшчэ паспаборнічаем.

Упрыгажэннем мужчынскага калектыву, які працуе на сёлетнім жніве, з’яўляецца брыгадзір паляводніцкай брыгады ў раслінаводстве Алена Касянюк. Як і належыць сапраўднай гаспадыні, яна з’яўляецца берагіняй новага ўраджаю: уважліва сочыць за ходам уборкі, якасцю работ, каб быў добры вымалат, збожжа не заставалася на полі. Таксама спецыяліст строга кантралюе выкананне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, не даючы ў гэтым пытанні паслаблення нікому. Жніво – гарачая пара, калі механізатарам важна зберагчы кожны хлебны колас. Але і пра сваё здароўе забываць не трэба ніколі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации