Каб родная Дзятлаўшчына заставалася прыгожай, камунальнікі раёна не толькі ствараюць новыя аб’екты, малыя архітэктурныя формы, але і абнаўляюць існуючыя.

Гэтым часам брыгада па комплексным абслугоўванні, рамонце будынкаў і збудаванняў Дзятлаўскага РУП ЖКГ завяршае работу над альтанкамі для дзіцячай пляцоўкі вуліцы Навагрудскай.

– Каркас ужо пафарбавалі, цяпер рамантуем дах: замяняем зношаны полікарбанат на драўляны, з дэкаратыўнай чарапіцай. Гэта будзе больш прыгожа і надзейна, – расказвае рабочы брыгады Сяргей Сіняк.

Ён працуе ў жылкамунгасе больш за 16 гадоў. У паўсядзённых абавязках мужчыну прыходзіцца дарэчы вопыт папярэдняй работы на мэблевай фабрыцы ў Казлоўшчыне, тут ён таксама шмат працуе з драўнінай.

– Пастаянна праводзім работы па добраўпарадкаванні горада: рамантуем лаўкі, балконы, вокны, уваходныя дзверы, – расказвае ён. – У мінулым годзе для нас набылі выдатны камбінаваны станок, на якім можна выконваць шэсць розных аперацый па дрэваапрацоўцы. Станок выдатны ў рабоце, хуткі, аснашчаны выцяжкай, працаваць на ім зручна і камфортна.

Сяргей Леанідавіч кажа, што выконваць работу для маленькіх дзятлаўчан для яго місія асаблівая, бо сам з’яўляецца шматдзетным татам. Сям’я пераехала ў райцэнтр са Сверплевічаў, набыла свой дом, дзе жыве ўжо 11 гадоў.

Мужчына з гонарам расказвае пра поспехі сваіх дзяцей:

– Старэйшы сын ужо спецыяліст, скончыў Жыровіцкі каледж, сярэдняя дачка вывучае замежныя мовы ў Ваўкавыскім каледжы, а малодшы сын – школьнік, вучыцца ў гімназіі № 1 горада Дзятлава.

 Сяргей Сіняк любіць сваю работу і выконвае яе з натхненнем, бо ведае, што кожны дзень робіць жыццё землякоў больш камфортным. Усім работнікам камунальнай службы ён жадае моцнага здароўя, дастойных заробкаў і поспехаў у справах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ЖКХ #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации