Беларускае слова – ад Дзятлава да Зачэпічаў

Сёлета дзятлаўчане святкуюць знакавую дату – 125-годдзе з дня нараджэння нашага слыннага земляка Ігната Дварчаніна.

У жніўні на Дзятлаўшчыне сабраліся неабыякавыя да яго дзейнасці, да беларускага слова і да сваёй Радзімы людзі, каб ушанаваць памяць творцы. У межах урачыстасці прайшло Пятае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах.

Святочны маршрут пачынаўся ў Дзятлаве, дзе па вуліцы Савецкай на гранітным пастаменце ўсталяваны бронзавы помнік Ігнату Дварчаніну, пралягаў праз яго малую радзіму – гасцінны дом у Погірах. Фінальным пунктам вандроўкі сталі Зачэпічы, зямля, якая ўзрасціла адразу трох беларускіх паэтаў – Петруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя.

Адкрыў мерапрыемства і павітаў гасцей адзін з арганізатараў свята, краязнавец Валерый Петрыкевіч. Ён запрасіў да “свабоднага мікрафона” ўсіх, хто пажадаў падзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі пра постаць і творчасць нашага земляка. Прафесар, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч расказаў пра Ігната Дварчаніна, яго плённую працу. Як было заўважана ў час сустрэчы, Ігнат Дварчанін займае пачэснае месца сярод сыноў жукоўшчынскай зямлі. Гэта чалавек шматбаковага таленту і выключнай эрудыцыі. Ён быў не толькі таленавітым паэтам, але і перакладчыкам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, педагогам, выдаўцом і грамадскім дзеячам. Ён абараніў дысертацыю “Францішак Скарына як культурны дзеяч на беларускай ніве”.

Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў скверы на вуліцы Савецкай, дзе работнікі раённай бібліятэкі, навукоўцы, сябры Таварыства беларускай мовы ўзгадалі магутную постаць Ігната Дварчаніна, яго жыццё і дзейнасць дзеля беларусаў. Выступоўцы адзначылі, што асоба і праца Ігната Дварчаніна шматбакова вывучаныя літаратуразнаўцамі, ёй прысвечана нямала артыкулаў і кніг. Тэматычную падборку падрыхтавала для прысутных раённая бібліятэка. У выкананні беларускіх бардаў прагучалі песні на вершы Ігната Дварчаніна і Петруся Граніта. Зямлячка Ігната Дварчаніна, ураджэнка Погіраў, псіхолаг, педагог, пісьменніца-песенніца Людміла Дзіцэвіч запрасіла прысутных праспяваць песню яе аўтарства пра Дзятлаўшчыну.

Госці ўрачыстасці наведалі гарадскія могілкі, дзе ўсклалі кветкі да магілы Віктара Шымука.

Дом у Погірах, дзе нарадзіўся і вырас Ігнат Дварчанін, стаў нефармальнай сядзібай-музеем яго памяці. На сцяне драўлянага дома вісіць таблічка, якая нагадвае, што тут нарадзіўся і жыў слаўны сын зямлі беларускай Ігнат. Месяц таму на вуліцы каля дома паэта быў усталяваны з нагоды юбілейнай даты памятны валун з надпісам “Радзіма Ігната Дварчаніна”.

Сёння дом Ігната Сымонавіча ў добрых творчых руках. Каля 15 гадоў тут жыве Надзея Лукашык, душэўная, гасцінная гаспадыня і самадзейная мастачка.

– У нас у сям’і ўсе малююць. А мясціны ў Погірах натхняюць на творчасць, – кажа жанчына. – Я ганаруся тым, што жыву на малой радзіме такога знакамітага чалавека, вельмі цешыць, што нашчадкі яго не забываюць. З радасцю прымаю гасцей штогадовага свята паэзіі.

У 125-годдзе Ігната Дварчаніна яго родны дом натхніў нашых знакамітых землякоў, мастакоў Івана і Юрыя Козелаў. Арганізатары юбілейных мерапрыемстваў прапанавалі навучэнцам Дзятлаўскай школы мастацтваў таксама намаляваць дом Дварчаніна так, як бачаць яго яны самі.

Да праекта далучылася і сама Надзея Іванаўна. Акрамя таго, жанчына намалявала партрэт Ігната Дварчаніна на паперы алоўкам.

Усе ўдзельнікі пленэра, які адбыўся напярэдадні сустрэчы, атрымалі падарункі ад Таварыства беларускай мовы і грамадскай кампаніі “Зробім лепш 2020”.

У Погірах да гасцей свята далучыліся мясцовыя жыхары, і сустрэча набыла лірычна-песенны лад. Прагучала нямала душэўных песень, як аўтарскіх, на вершы нашых паэтаў-землякоў, так і народных – у выкананні народнага фальклорнага калектыву вёскі Погіры.

Яркім фіналам багатага на падзеі і эмоцыі дня стала Пятае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах. Некалькі гадоў запар на радзіме паэтаў Петруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя яно збірае творчых, шчырых людзей. Традыцыйна да іх далучаюцца мясцовыя жыхары і аматары паэзіі. Свята адкрылася ўжо вядомым гасцям гімнам “Зачэпічы, Зачэпічы” на вершы Сяргея Чыгрына і музыку Сяргея Чарняка.

Работніцы раённай бібліятэкі расказалі прысутным пра тых, каму прысвечана штогадовае свята паэзіі.

Паэзія Петруся Граніта заўсёды была, ёсць і будзе надзённай, зразумелай чытачу, бо яна прасякнута любоўю і шчырай павагай да чалавека-працаўніка, да роднага кутка, да матчынай мовы. Аб яго дзейнасці нагадвае жыхарам вёскі адзіная вуліца, названая ў гонар Петруся Граніта, а на хаце, дзе жыў паэт, прымацавана памятная шыльда.

Васіль Струмень – чалавек, багаты на добрыя пачуцці і шматлікіх сяброў. Аднадумцаў меў у Гродне і Лідзе, Дзятлаве і Бярозаўцы, у прынёманскай вёсцы Зачэпічы. Яму нададзены статус Ганаровага грамадзяніна Дзятлаўскага раёна.

Гарасім Прамень – заходнебеларускі дзеяч і паэт, жыў і памёр на Дзятлаўшчыне. У вершах і аўтабіяграфічных нататках Гарасіма Праменя паўстаюць карціны сялянскага, скупога на пяшчоты дзяцінства і ўжо зусім жорсткай мазольнай сталасці і барацьбы.

На працягу свята беларускія паэты і барды радавалі прысутных сваёй творчасцю. Гучалі аўтарскія вершы і песні Святланы Абдулаевай (Навагрудак), Таццяны Яцук (Баранавічы), Алы Петрушкевіч (Гродна), Міколы Канановіча (Слонім),  Міхася Зізюка (Навагрудак), Зоі Кулік (Нясвіж) пра родную зямлю, пра каханне, пра матулю і нават пра каранавірус.

На свята паэзіі прыехалі жонка і дачка яшчэ аднаго вядомага дзятлаўскага паэта – Віктара Шымука. Дачка Віктара Мікалаевіча Таццяна падзялілася кранальнымі ўспамінамі пра бацьку і падарыла ўсім дзятлаўскім школам і бібліятэкам зборнік вершаў творцы, выпушчаны сёлета і прысвечаны яго памяці.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

administrator

Recent Posts

На варце дзяцінства

Неабдуманыя ўчынкі дзяцей і дарослых Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама было прысвечана прыняццю…

11 часов ago

Дзяржаўная падтрымка. Як датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал на адукацыю?

Пра гэта расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Чарняк:…

13 часов ago

Продолжается месячник безопасности труда при проведении уборочных работ

В период активной работы в поле очень важно обеспечить здоровые и безопасные условия труда для…

14 часов ago

Белорусские аграрии намолотили 4 млн тонн зерна

Белорусские аграрии намолотили 4 млн т зерна. Об этом сообщили БЕЛТА в пресс-службе Министерства сельского…

1 день ago

Вас памятае свет уратаваны. Жыццё – у ахвяру за дзясяткі жыццяў

Прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ўшанавалі памяць 11 сясцёр-назарэтанак, якія па-мучаніцку загінулі…

1 день ago

“Адчыні дзверы ў будучыню для юных фантазёраў”

Пад такім дэвізам з 1 жніўня ў акцыю “Збяром дзяцей у школу” ўключаецца Беларускае Таварыства…

1 день ago