Яны сустрэлі адзін аднаго ў  СГФ “АграМілк”: ураджэнец Рэспублікі Казахстан, механізатар Аляксандр Усцімаў і беларус – сучасны самаходны апрысквальнік “Грым Максі 4000”.

Першы з інтарэсам і прыязнасцю адкрыў для сябе нашу гасцінную краіну і сельскую гаспадарку, другі быў створаны айчыннымі вучонымі, каб спрасціць работу аграрыяў, зрабіць яе больш эфектыўнай.

У 2007 годзе Аляксандр Усцімаў 15-гадовым юнаком прыехаў з Казахстана ў Беларусь разам з мамай і братам. Тут атрымаў тэхнічную спецыяльнасць у Казлоўшчынскім прафесійным ліцэі, дзе спасціг азы работы ў сельскай гаспадарцы і пазнаёміўся з беларускай тэхнікай. Працоўны шлях ён пачынаў таксама на Дзятлаўшчыне, у тагачасным КСУП “Русь-Агра”.

– Беларусь стала для мяне другім домам, бо тут я пачаў дарослае жыццё, стварыў уласную сям’ю, тут нарадзіўся мой сын, – кажа Аляксандр Уладзіміравіч.

Будучую жонку Алену мужчына сустрэў на Навагрудчыне. Разам паспрабавалі шчасця ў СВК “Путрышкі” Гродзенскага раёна, дзе працавалі не адзін год. Аднак сёлета ўтраіх вярнуліся на Дзятлаўшчыну, у знаёмую для Аляксандра Усцімава гаспадарку. Тут ён працуе механізатарам на трактары МТЗ-1221, а са жніўня – на новым самаходным апрысквальніку. Жонка з’ўляецца работніцай жывёлагадоўчага комплексу.

У аграгарадку Раклевічы сям’я Усцімавых атрымала жыллё, тут іх маленькі сын наведвае мясцовы дзіцячы сад. Па словах гаспадара дома, у бліжэйшай будучыні ён чакае прыезду на Дзятлаўшчыну сваіх блізкіх людзей – мамы і брата, яны таксама збіраюцца працаваць у СГФ “АграМілк”.

На гэтым заканчваецца тэхнічны перапынак на запраўку апрысквальніка, а разам з ім і аповед механізатара пра жыццё. У разгары хімічная праполка азімых, якую трэба завяршыць своечасова.

– Беларуская тэхніка добрая, надзейная, працаваць на ёй мне падабаецца, – дзеліцца на развітанне Аляксандр Уладзіміравіч. – Сёлета першы сезон працаваў на камбайне “Палессе”, “узяў” тысячны рубеж, цяпер займаюся ўнясеннем хіміі з дапамогай апрысквальніка, а зімой зноў перасяду на трактар. З такой разнастайнасцю не засумуеш, ды і заробак мяне задавальняе.

Па словах галоўнага агранома СГФ “АграМілк” Андрэя Лежаня, за некалькі месяцаў работы тэхнічная навінка, на якой цяпер вядуцца работы па хімпраполцы, паспела добра зарэкамендаваць сябе:

– Самаходны апрысквальнік “Грым Максі 4000” вытворчасці ТАА “Біякам Тэхналогія” з’явіўся ў нас у жніўні гэтага года. Сельгасмашына прыйшла на змену некалькім прычапным апрысквальнікам. Цяпер адзін механізатар можа выконваць на ёй аб’ём работ, які раней выконвалі некалькі чалавек і адзінак тэхнікі. Навінка ў параўнанні з папярэднікамі абсталявана штангай удвая большага памеру, шырынёй 24 метры, бакам з нержавеючай сталі аб’ёмам 4200 літраў. І гэта не ўсе перавагі! Кабіна агрэгата мае абароненую канструкцыю, сістэмы ацяплення і кандыцыянавання з фільтрамі. Функцыямі падвясной штангі можна кіраваць з дапамогай аднаго джойстыка. На “Грым Максі” ёсць аўтапілот, а таксама камера задняга віду, што максімальна спрашчае кіраванне. Вадзіцель можа адсочваць прамалінейнасць руху, колькасць падыходаў і іншыя параметры.

Дарэчы, у Дзятлаўскім раёне ўважліва прыглядаюцца да сучаснага самаходнага апрысквальніка, які актыўна рэкламаваўся на сельскагаспадарчай выставе “Белагра-2022” . Верагодна, у бліжэйшы час такая тэхніка з’явіцца ў аўтатрактарным парку іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации