В. Макарэвіч: “Не спыняцца на дасягнутым”

Вераніка Макарэвіч працуе аператарам малочнай лініі на ўчастку канцэнтрацыі сыроваткі ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”. Адміністрацыя прадпрыемства характарызуе маладую работніцу станоўча: “Яна і адукаваны спецыяліст, і актывістка, і спартсменка, і проста прыгажуня”. Сама Вераніка ў жыцці прытрымліваецца прынцыпу: “не спыняцца на дасягнутым” і прыступка за прыступкай “бярэ” новыя “вяршыні”.

Вераніка – з вёскі Сачыўляны. Яна скончыла спачатку Яварскую сярэднюю школу, затым — Гродзенскі каледж лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці “тэхнік-праграміст”. Пасля гэтага чатыры гады адпрацавала майстрам вытворчага навучання Нёманскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Аднак доўга выкладаць “сухую тэорыю” Вераніка не збіралася – імкнулася выкарыстаць свае веды на практыцы, таму вярнулася на Дзятлаўшчыну і ўладкавалася на сыраробны завод.

Прызнаецца, што спачатку было складана, бо змена на лініі – гэта майстар і аператар, а начная змена – адзін аператар. Заставацца сам-насам з “разумным” абсталяваннем спачатку было страшнавата. З цягам часу напрацаваны вопыт пераадолеў няўпэўненасць.

Проста працаваць і ўсё – не ў характары Веранікі. І сёлета яна атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі: завочна скончыла факультэт практычнай псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

– А чаму б і не! – зазначае Вераніка Макарэвіч. – Цікавая прафесія, якая ў хуткім часе можа стаць актуальнай, а новымі ведамі і наогул можна пастаянна карыстацца.

Вераніка актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным жыцці завода. Яна ўваходзіць у турысцкую каманду, якая прымае ўдзел у моладзевым турзлёце, пастаянная ўдзельніца вандровак і мерапрыемстваў. З сабой заўсёды бярэ прафесійны фотаапарат, бо фотаздымка — адно з захапленняў Веранікі. Таксама дзяўчына любіць чытаць кнігі, вандраваць, захапляецца экстрэмальнымі відамі спорту. Адна з мараў Веранікі Макарэвіч — скокнуць з парашутам. Мяркую, яна абавязкова ажыццявіцца, бо дзяўчына ўжо скакала на тарзанцы, а тры гады таму стала на горныя лыжы і сноўборд. Прызнаецца, што вельмі любіць горы і зімой ездзіць пакатацца ў Букавель. Летам падарожнічае на мора: ужо пабыла ў Феадосіі, Ялце, Судаку, Затоцы. Спадзяецца, што калі-небудзь зможа наведаць Егіпет і Грэцыю.

Моладзі Дзятлаўшчыны Вераніка Макарэвіч жадае быць актыўнымі, вясёлымі, пазітыўнымі, мець шмат сяброў, як мага часцей сустракацца разам і ўдзельнічаць у раённых мерапрыемствах.

І. КАЎКЕЛЬ

НА ФОТАЗДЫМКУ: маладая работніца ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” В. Макарэвіч.

Фота І. КАЎКЕЛЬ

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации