21 сакавіка, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі – БЕЛТА/. Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання ў Магілёве прадпрыемстваў кампаніі “Кранаспан”, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе прадпрыемства расказаў, што інвестары ў Беларусі могуць скарыстацца рознымі льготамі і паслабленнямі. У прыватнасці, калі кампанія завазіла ў краіну нямецкае абсталяванне, яна не плаціла ўвазную пошліну і ПДВ. Усяго сума такіх ільгот склала амаль $100 млн.
“Калі яны, як ваша прадпрыемства, працуюць сумленна, я ім паабяцаў: падтрымаем яшчэ па нейкіх напрамках. І я, і члены ўрада, і міністры ўнікаюць у сітуацыю і робяць насустрач адпаведныя рухі”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў. “Я не ведаю, што яшчэ зрабіць, каб лішні раз даказаць, што тут для ўкладвання інвестыцый створаны спрыяльныя ўмовы. У нас стабільнае грамадства, у нас ціхая, спакойная краіна. У нас улада (дзесьці яна памыляецца, дзесьці дапускае памылкі, і я магу рабіць памылкі, я ж таксама чалавек), згадзіцеся, не горшая. Мы не раскралі краіну, не дапусцілі абвалу. Тыя ж бяспека і стабільнасць вынікаюць з дзейнасці ўлады”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі, якія і бываюць, адразу ж выяўляюцца і спыняюцца. Замежныя інвестары прызнаюць, што ў гэтай сферы наведзены парадак, і прыходзяць у краіну.
Акрамя таго, Беларусь прывабная для інвестараў высокакваліфікаванымі кадрамі, якаснай і адначасова недарагой сыравінай. “Калі ёсць гэта сыравінная база і рабочыя рэсурсы, інвестар прыйдзе. А па падатках мы дамовімся з кожным персанальна, хто хоча прыйсці сюды працаваць. Калі спачатку для яго і паніжаныя падаткі сур’ёзныя, мы дамовімся. Мы часта так робім. Але галоўнае – гэта бяспека і цішыня”, – упэўнены Прэзідэнт.
Дзяржава таксама гатова стварыць неабходныя ўмовы і для развіцця зусім невялікіх прадпрыемстваў. “Сёння мы вам дапаможам, знізім падаткі, заўтра вы працаўладкуеце дзясятак-другі чалавек, будзеце плаціць ім добрую зарплату. Калі станеце на ногі, будзеце плаціць падаткі, як усе”, – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу ўладальнік групы кампаній “Кранаспан” Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Таму кампанія вырашыла значна павялічыць аб’ём сваіх інвестыцый. Так, першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязалася ўкласці ў вытворчасці $150 млн і стварыць 150 рабочых месц. Але ўжо ў 2017 годзе аб’ём інвестыцый павінен перасягнуць $1 млрд, а за 2010-2016 гады было створана больш за 1 тыс. рабочых месц.
Паводле слоў бізнесмена, яго кампанія таксама прапануе беларускаму ўраду стварыць у Шклове завод па вытворчасці дэкаратыўнай паперы.
“У Беларусі нас прывабліваюць матэрыялы, сыравіна, высокаадукаваныя кадры і тыя эканамічныя ўмовы, якія стварае ўрад, – яны ідэальныя. Беларусь таксама мае ідэальнае месцазнаходжанне для арганізацыі лагістыкі. Немалаважны фактар – стабільнасць у краіне”, – падкрэсліў Пітэр Кайндл.