Мы жывём у неспакойным свеце, які не выключае выпадкаў гвалту над асобай. На жаль, тое, што злачынцаў ловяць і заключаюць у турмы, не пазбаўляе законапаслухмяных членаў грамадства ад рызыкі.

Чаму бацькам непаўналетніх рэгулярна трэба нагадваць ім правілы бяспечных паводзінаў, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч:

– Дарослым важна максімальна выкарыстоўваць даступныя сродкі, каб абараніць дзяцей і навучыць іх асновам бяспекі.

Любое злачынства складаецца з двух момантаў: першы – жаданне яго ўчыніць, другі – магчымасць. Калі выключыць адзін са складальнікаў, то бяду рэальна папярэдзіць.

Праваахоўныя органы Беларусі і простыя грамадзяне назапасілі значны вопыт па прафілактыцы злачынстваў супраць дзяцей і падлеткаў, бо жыццё вымушае нас здабываць карысць не толькі са сваіх памылак, але і з чужых.

Спецыялісты ў галіне крыміналістыкі сцвярджаюць, што не існуе такога паняцця, як “выпадковае злачынства”, бо любое з іх – заўжды пэўны збег абставінаў, таму, уплываючы на іх, мы аказваем уплыў і на ўчыненне злачынстваў. Прывяду прыклад: падлетак, які ў цёмны час пазбягае крымінальных месцаў, зніжае рызыку стаць ахвярай прыкладна ў пяць разоў. Калі ж ён гуляе з сябрамі і не пакідае людных лакацый, то верагоднасць пацярпець ад злачынных замахаў для яго зніжаецца яшчэ ў пяць разоў.

Спецыялісты нашай установы распрацавалі для бацькоў рэкамендацыі, як навучыць непаўналетніх элементарным правілам паводзінаў на вуліцы.

Няхай гэта стане для сем’яў своеасаблівым “Кодэксам бяспекі”, якога трэба прытрымлівацца:

– навучыце дзіця, што нельга размаўляць з незнаёмцамі, калі тыя спрабуюць на нешта ўгаварыць ці кудысьці завабіць;

– нельга прымаць ад чужых падарункі і прапановы; 

– патлумачце: калі дзіця адчувае пагрозу, яму неабходна адразу ж паспяшацца ў бяспечнае месца, напрыклад, у бліжэйшы магазін;

– на памяць дзеці павінны ведаць нумары мабільных тэлефонаў бацькоў і блізкіх, адрасы і іншыя кантактныя даныя, якія могуць спатрэбіцца ў экстраннай сітуацыі;

– дарослым варта выкарыстоўваць мабільныя дадаткі ці прыстасаванні для адсочвання месцазнаходжання дзіцяці, напрыклад GPS-меткі, смарт-гадзіннікі з такой функцыяй;

– трэба дамовіцца, якія маршруты дзіця павінна выкарыстоўваць, каб дабрацца дахаты, і абмеркаваць на іх бяспечныя месцы, дзе яно можа аказацца, калі нешта пойдзе не так.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#дети #родители

Похожие публикации