На працягу двух дзён у Віцебску праходзіў фестываль бардаўскай песні “Віцебскі лістапад-2015”. Удзел у ім прынялі як беларускія барды, так і выканаўцы з замежжа. У рамках фестывалю адбыўся конкурс аўтарскай песні. У ліку яго пераможцаў — дзятлаўчанін Аляксандр Раеўскі.
Сустрэўшыся з ім, карэспандэнтка газеты папрасіла расказаць аб фестывалі, аб іншых творчых мерапрыемствах, у якіх атрымалася паўдзельнічаць, аб захапленні музыкай увогуле.
— Аляксандр, як вы даведаліся пра фестываль “Віцебскі лістапад-2015”, чаму вырашылі паўдзельнічаць у ім?
— Фестываль сёлета праводзіўся 29-ы раз, ён сабраў аматараў бардаўскай песні з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана.
Паўдзельнічаць у ім мне параіў мой знаёмы з Мінскага літаратурнага аб’яднання “Знание”. Ён, дарэчы, увайшоў у лік пераможцаў мінулагодняга конкурсу аўтарскай песні.
Едучы на фестываль пасля адборачнага тура, я, шчыра кажучы, не спадзяваўся, што ўвайду ў лік пераможцаў. Перш за ўсё ставіў на мэце папрысутнічаць на мерапрыемстве такога ўзроўню, паслухаць іншых выканаўцаў, пераняць вопыт.
І я вельмі рады, што ў мяне гэта атрымалася. Мерапрыемства пакінула самыя цёплыя ўражанні, як і знаёмства з Віцебскам. На мой погляд, гэта вельмі прыгожы, чысты, “элегантны” горад, які, дарэчы, упрыгожвае вялікі партрэт Марка Шагала, намаляваны ў стылі графіці.
— А ў якіх творчых мерапрыемствах вам яшчэ давялося паўдзельнічаць сёлета, у мінулым годзе?
— Гэта фестываль бардаўскай песні і паэзіі “Пісьмянкоў луг”, які праходзіць у Магілёўскай вобласці, першы міжнародны бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага, які сёлета адбыўся на Брэстчыне. Адным з ініцыятараў правядзення дадзенага мерапрыемства стала газета “Брэсцкі кур’ер”. Наколькі ведаю, яны ўжо даўно хацелі арганізаваць штосьці падобнае, і сёлета гэта атрымалася. На форуме прысутнічалі аўтары-выканаўцы з Беларусі, Расіі, Грузіі, нават Ізраіля.
У планах — наведаць клуб мінскіх бардаў, а таксама бардаўскі фестываль, які пройдзе ў Смаленску. Хачу паўдзельнічаць і ў фестывалі аўтарскай песні і паэзіі “Аладачкі”. Пра яго я даведаўся зусім нядаўна. Цікава тое, што ён праходзіць летам на беразе ракі Моўчадзь, за 35 кіламетраў ад Ліды, у раёне вёскі Нясілавічы.
— Аляксандр, а хто з’яўляецца вашым любімым бардам?
— Перш за ўсё гэта Булат Акуджава. Яго творчасць уражвае нейкай толькі для яе характэрнай рамантыкай.
Асабліва падабаецца яго “Грузінская песня”.
Таксама люблю творчасць Уладзіміра Высоцкага.
— А з сучасных аўтараў каго вылучаеце?
— Гэта Аляксандр Баль, Віктар Цвікі — беларускія аўтары-выканаўцы. Падабаецца і творчасць расійскага барда Аляксандра Мароза. Нават пашчасціла папрысутнічаць на яго канцэрце.
— Аляксандр, а як даўно вы захапляецеся музыкай?
— Вельмі даўно. Яшчэ ў арміі пачынаў іграць на гітары, якую асвоіў самастойна. Быў час, калі я з’яўляўся ўдзельнікам рок-групы, якая мела назву “Цяжкія наступствы”. Дарэчы, удзельнічаючы ў ёй, давялося быць не толькі гітарыстам, але і клавішнікам, іграць на ўдарных інструментах.
— Крыху раскажыце пра сябе.
— Я нарадзіўся ў Казахстане, Акмоленскай вобласці, горадзе Есіль. Гэта звычайны стэпавы горад з вялікай чыгуначнай станцыяй, а вакол яго — мноства цюльпанаў.
У Беларусь, адкуль родам мая мама, я пераехаў у 2000 годзе.
— Аляксандр, які лейтматыў вашай творчасці як аўтара-выканаўцы?
— Гэта паэтычныя разважанні аб сэнсе жыцця і месцы чалавека ў ім.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК