Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну – памяць пра страшныя трагедыі людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі вераломных злачынстваў фашызму.

Не абышла яна і нашу сям’ю. Я хачу расказаць пра маю прабабулю, якая ў ваенны час была адпраўлена немцамі ў Аўстрыю на катаржныя работы.

Завуць яе Зінаіда Нашуцінская (дзявочае прозвішча Вайчык), нарадзілася яна 30 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Нагародавічы ў сям’і звычайных сялян. Бацька Міхаіл Вайчык хадзіў па вёсках і будаваў людзям хаты, а ў вольны час іграў на скрыпачцы, якую змайстраваў уласнымі рукамі. На святы ўся вёска збіралася паслухаць музыку майстра-самавучкі. Маці Ганна Вайчык гадавала дзяцей (у сям’і нарадзіліся тры дачкі – Надзея, Зінаіда і Зося), вяла гаспадарку, а вечарамі шыла адзенне і вышывала ручнікі, палатно для ікон.

У сем гадоў мая прабабуля Зінаіда пайшла ў польскую школу, але скончыла ўсяго толькі чатыры класы. Каб перайсці ў пяты, неабходна было заплаціць за навучанне польскімі злотымі, але грошай у бацькі было мала. Трэба было  прадаць карову, каб дачка магла вучыцца далей.

З успамінаў прабабулі Зінаіды пра жыццё ў Заходняй Беларусі да 1939 года: “Цяжкі быў час, бо жылі пад панамі. Нельга было размаўляць па-беларуску, асабліва на занятках, якія вёў польскі святар. Забудзешся падчас малітвы, скажаш слова на роднай мове – атрымаеш па руцэ балючай указкай. А ўказка была незвычайная, з гумавым наканечнікам. Вось так і выбівалі з нас беларускую мову”.

Калі прыйшла вайна, па родных Нагародавічах пракацілася звестка, што немцы будуць забіраць моладзь на катаржныя работы. У страшны спіс разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі трапіла і мая прабабуля.

Бацька пайшоў у паліцэйскі ўчастак прасіць за дачок, але там яму адмовілі. Сярод моладзі паліцаі вялі прапаганду, што ў Нямеччыне, у прагрэсіўнай капіталістычнай краіне, ім будзе лепш. Ніхто, канешне, не верыў нямецкім прыслужнікам і здраднікам. Самае агіднае было ў тым, што аднасяльчане ішлі ў паліцэйскі ўчастак патокамі і неслі сала, мяса, мёд, рыбу, апошнія грошы, каб адкупіць дзяцей ад катаржнай долі, а паліцаі, сабраўшы “падарункі”, працягвалі рабіць сваю брудную справу і адсылаць моладзь у Нямеччыну. Прапрадзеду Міхасю ўдалося схаваць меншую Зосю ў сваякоў у суседняй вёсцы. А няшчасную Зіну, якой было на той момант усяго 16 гадоў, забралі і прывялі на зборны пункт, які знаходзіўся ў вёсцы Ахонава. Потым Наваельня, Беласток… І, нарэшце, цягнік прывёз нявольнікаў у Аўстрыю на завод алюмініевых вырабаў.

Працавалі па дванаццаць гадзін у суткі, асабліва цяжка было ў начныя змены: крышку паслабіш увагу – і расплаўлены алюміній пырскае на ногі, утвараючы раны, якія ніяк не хацелі зажываць. На рукаве ў кожнага вязня былі вышыты літары “ОСТ”.

Адпрацаваўшы змену, пра адпачынак не было чаго і марыць, бо трэба было наводзіць парадак у вялізным бараку, дзе па два разы на дзень мылі падлогу. Нягледзячы на тое, што нявольнікі падалі з ног ад стомы, вартаўнікі барака не давалі ім часу для адпачынку.

З самага балючага ўспаміну прабабулі: “Аднойчы ў выхадны дзень, які выпадаў даволі рэдка, мы, дзяўчаты-нявольніцы, вырашылі сфатаграфавацца на памяць і паслаць фотаздымкі дадому родным. Для гэтай справы паехалі ў Вену. Там нехта данёс уладам, што “катаржанкі” асмеліліся завітаць у фотаатэлье. Кара за гэта свавольства была страшная: на двое сутак нас паставілі ў халодную ваду, якая даходзіла да пояса, а потым зноў адправілі на завод. Наступствы гэтага пакарання я адчувала на сабе многа гадоў”.

На работы і ў барак вязні хадзілі пад наглядам назіральнікаў, якія за любую правіннасць, а то і проста так, білі нявольнікаў. Неабходна было ісці спакойна і не шаркаць нагамі. Шаркнеш – на цябе накінецца аўчарка і пакусае або зусім загрызе да смерці. Кармілі супам з бручкі, у якім часта плавалі чэрві. Ад гэтага спачатку ванітавала, а потым прывыклі. Адну булку хлеба выдавалі аж на чатыры дні. Зразумела, што ад такога харчавання яны ледзь цягалі ногі, хварэлі і паміралі. Галодныя дзяўчаты часта хадзілі красці бульбу з капцоў і, парэзаўшы яе на танюсенькія скрылікі, пяклі на гарачых завадскіх трубах і елі. Гэта была хоць невялікая дабаўка да таго мізэрнага пайка, што атрымлівалі ў бараках. Лазілі і па вінаград, што рос у садах па дарозе на завод, хоць ведалі, што за крадзеж іх чакае жорсткае пакаранне: жанчын білі палкамі, секлі бізунамі. Але ж які быў страшны і нясцерпны голад! А колькі нявольнікаў потым немцы павесілі за жменьку гэтых ягад!

Два гады правяла мая прабабуля Зінаіда Міхайлаўна ў Аўстрыі. Чаго яна толькі там не выцерпела! Змучаная і спакутаваная вярнулася дамоў на родную, вызваленую ад акупантаў зямельку.

Невыносны час на чужбіне пакінуў у яе душы горкі цяжар. Успаміны пра знаходжанне ў Аўстрыі часта ўсплывалі ў памяці, прыходзілі ў снах. Але, нарэшце, і ў жыццё гэтай дзяўчыны ўварваліся шчасце і сапраўдная маладосць. У 1948 годзе яна выйшла замуж. У шлюбе нарадзіліся тры дачкі: Леакадзія, Таіса і Марыя. Прадзед быў вядомым чалавекам у Дзятлаўскім раёне, бо пачаў свой працоўны шлях як звычайны трактарыст, а пасля заканчэння тэхнікума стаў галоўным механікам у калгасе. У 1959 годзе быў выбраны дэпутатам Нагародавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Дзятлаўскага раёна Бандарскай выбарчай акругі.

У мірны пасляваенны час прабабуля працавала ў калгасе, за адказную і сумленную працу ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1982 года была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.

28 ліпеня 1999 года прабабулі не стала. Для нас, яе ўнукаў і праўнукаў, яна – сапраўдны герой, стойкі і мужны чалавек, якога не зламаў апалены вайной лёс.

Кіра КІЕНЯ,
праўнучка Зінаіды Нашуцінскай

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

13 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

13 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

14 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

14 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

15 часов ago

Программа заключительных мероприятий XV Республиканского фестиваля национальных культур

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

15 часов ago