Танцы “Бітва сезонаў”
22 лістапада ў Гродне пройдзе шоу “Танцы на ТНТ “Бітва сезонаў” у Лядовым палацы спорту. Пачатак у 19 гадзін.
Вялікі тур “Бітва сезонаў” стартаваў 20 чэрвеня ў горадзе Сочы. Гастролі прайшлі на курортах каўказскага ўзбярэжжа і Крыма. У Беларусі канцэрты пройдуць у Магілёве, Гомелі, Мінску і Гродне.
За плячыма ўдзельнікаў двух сезонаў шоу “Танцы” ўжо тры вялікія гастрольныя туры. Выступленні праходзілі з аншлагамі.
Над праграмай цяперашняга гастрольнага тура, як і раней, працуюць лепшыя харэографы шоу.
І зорка гарыць, і не вяне вянок
Літаратурна-музычнае мерапрыемства, прымеркаванае да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, пройдзе 23 лістапада ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
У час мерапрыемства прагучаць самыя вядомыя творы паэта.
Напярэдадні літаратурна-музычнага мерапрыемства будзе ажыццяўляцца праект “Чытаем разам Багдановіча”. Прыняць удзел у праекце можа любы жадаючы. Для гэтага яму неабходна на камеру прачытаць любімы верш Багдановіча, загрузіць відэа ў спецыяльную форму і адправіць яго на адрас электроннай пошты бібліятэкі. Пляцоўкай для здымак павінны стаць памятныя мясціны горада Ліды.
Брыльянтавыя юбіляры
24 лістапада ў аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна пройдзе ўрачыстае мерапрыемства “Зазірніце ў сямейны альбом”, у час якога арганізатары павіншуюць “залатых” і “брыльянтавых” юбіляраў з усіх куткоў Гродзенскага раёна. У зале збяруцца пары, якія жывуць разам ужо пяцьдзесят і шэсцьдзясят гадоў.
У час мерапрыемства будуць працаваць выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці, пройдзе канцэрт.
Разам з сябрамі
24-26 лістапада ў аграгарадах Суботнікі, Гераняны, Ліпнішкі, Бакшты пройдзе агляд-конкурс на лепшае інавацыйнае мерапрыемства па арганізацыі вольнага часу для дзяцей і моладзі.
У рамках мерапрыемства пройдуць ток-шоу “Аднойчы пераступіўшы закон”, акцыя “Беражлівасць — аснова поспеху”, інтэлектуальна-забаўляльная праграма “Выдатная сямёрка”, “Пад сцягам бітвы са злом”.
Ток – шоў будзе скіравана на прафілактыку супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх. Акцыя будзе прысвечана тэме беражлівага стаўлення да свайго здароўя, прыродных багаццяў.
Выступае “Гасцінец”
25 лістапада ў 19 гадзін у Цэнтры культуры горада Гродна адбудзецца канцэрт народнага ансамабля музыкі і песні “Гасцінец”.
Ансамбль працуе ў вакальным і інстументальным жанрах, выконвае музыку і песні Гродзеншчыны, іншых рэгіёнаў рэспублікі. У аркестровай групе гучаць такія музычныя інструменты, як калёсная ліра, баян, гармонь, скрыпка, кантрабас, цымбалы.
Маленькая фея
25 лістапада ў Бярозаўскім гарадскім доме культуры пройдзе гарадскі конкурс “Маленькая фея”. Удзел у ім прымуць маленькія феі — дзяўчынкі васьмі і дзевяці гадоў, якія прадэманструюць свае таленты і ўменне трымацца на сцэне.
Фінал конкурсу складуць 4 этапы, у час якіх удзельніцы раскажуць пра свае захапленні, перавагі, жаданні, прадэманструюць усім свае здольнасці і артыстычнасць.
На сцэне — маладыя спецыялісты
Раённы конкурс маладых спецыялістаў “Мы маладыя, мы таленавітыя” пройдзе 25 лістапада ў аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна.
За званне лепшага пазмагаюцца самыя крэатыўныя, самыя здольныя юнакі і дзяўчаты. Ім трэба напісаць эсе, у якім неабходна даказаць, што яны ганарацца сваёй прафесіяй, у відэавізітках расказаць аб сваіх захапленнях. Творчымі дасягненнямі яны падзеляцца ў час конкурсу “Усё ўмею, усё магу”.
Таксама ў час мерапрыемства будуць працаваць выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці, фотазона, пройдзе канцэртная праграма.
Фестываль фальклору
26 лістапада ў аграгарадку Мачуліна Ваўкавыскага раёна пройдзе адкрыты раённы фестываль фальклору “Чароўныя скарбы роднай зямлі”.
Фестываль праводзіцца на ваўкавыскай зямлі раз у два гады, праходзіў у Росі і Краснасельскім, Падароску і Вярэйках.
У час мерапрыемства фальклорныя калектывы раёна дораць гледачам народную творчасць праз танцы і песні, рамёствы. У час мерапрыемстваў выконваюцца народныя празаічныя творы, дэманструюцца фрагменты святаў, абарадаў і рытуалаў, народныя гульні і забавы.
Каралева восені
27 лістапада ў аграгарадку Грынкі Свіслацкага раёна пройдзе конкурсная праграма “Каралева восені”.
У праграме свята: візітная картка “Дары восені”, конкурс на восеньскі вянок ” Восеньскі лістапад”, паэтычны, танцавальны, кулінарны конкурсы. Таксама ўвазе гледачоў будуць прадстаўлены гульнёвая праграма народнага тэатра-студыі “Карагод”, выстава “Восеньская фантазія”, канцэртная праграма вакальнай групы ветэранаў працы “Спадчына”.
Таленавітая Навагрудчына
У другой палове лістапада ў Доме культуры горада Навагрудка пройдзе конкурс “Творчая Навагрудчына”.
Удзельнікі конкурсу прадэманструюць вакальныя нумары, харавыя спевы, вакальна-інструментальную музыку, тэатральны жанр, тэатр мод, мастацкае слова.
Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ