17 лістапада ў Беларусі будзе адзначацца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Для вялікай каманды ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” гэта нагода падвесці вынікі за год, намеціць перспектывы, падзякаваць работнікам за высокапрафесійную плённую працу і ўзнагародзіць іх.

Напярэдадні ўрачыстасцяў генеральны дырэктар Аляксандр Яцук расказаў аб тым, што ўяўляе сабой прадпрыемства, яго дасягненнях і новых напрамках дзейнасці:

– Сёння Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” – абласная структура, адзін з самых буйных на Гродзеншчыне вытворцаў у сваёй сферы. Гэта аб’яднанне з пяці дзеючых прадпрыемстваў у Дзятлаўскім, Гродзенскім  раёнах, гарадах Навагрудку (дзве пляцоўкі), Слоніме (дзве пляцоўкі) і аднаго закансерваванага ў Бераставіцкім раёне, на якіх працуюць больш за 430 чалавек.

– Якую прадукцыю выпускае завод?

– Вырабляем практычна ўвесь спектр алкагольных напояў. За апошнія гады большым попытам карыстаюцца каляровыя спіртныя напоі. Расце вытворчасць каньяку: на сёння мы выпускаем тры найменні пад сваім брэндам з малдаўскай сыравіны – “Аргус”, “Колус”, “Прэм’ер КВ”, акрамя таго, каля 20 найменняў пастаўляем пад уласную гандлёвую марку буйным гандлёвым сеткам, такім як “Евроторг”, “БелВинГрупп”, “Аквадив” і іншым. Сёлета мы выпусцілі больш за 170 тысяч дэкалітраў гэтай прадукцыі, год імкнёмся завяршыць з лічбай у 200 тысяч. Мы правялі ўсю працэдуру ўзгадненняў для таго, каб аднавіць вытворчасць віскі, бурбонаў. Падалі дакументы ў Інстытут харчавання, Дзяржстандарт, Міністэрства аховы здароўя на выпуск ромаў. У Навагрудку ў нас вінная пляцоўка, дзе выпускаецца прадукцыя ў ПЭТ-упакоўцы. У планах на будучыню запусціць закансерваваны былы спіртзавод у вёсцы Айцова на Бераставіччыне: у наступным годзе плануем аднавіць там вытворчасць алкагольных напояў з садавіны і зерня на аснове дыстылятаў. Сур’ёзныя фінансавыя ўкладанні робім у вытворчасць харчовага воцату на ўчастку ў Гродзенскім раёне на аснове нашага парэцкага спірту “Люкс”. Магу запэўніць, што прадукт будзе высакаякасны і запатрабаваны як у харчовых прадпрыемстваў, так і ў хатніх гаспадыняў.

– Ваша прадпрыемства спецыялізуецца таксама на выпуску безалкагольнай прадукцыі. Раскажыце падрабязна пра гэты напрамак дзейнасці.

– Нельга адмаўляць той станоўчы факт, што ў Беларусі і ва ўсім свеце зніжаецца спажыванне алкагольных напояў, мы таксама ўлічваем гэта, карэктуючы лінейку выпускаемай прадукцыі пад запыты пакупнікоў. На навагрудскім участку прадаўжаем выпуск безалкагольнага напою “Каласок” (у далейшым ён будзе перайменаваны) у кегі, вырабляем слабаалкагольныя напоі – збіцень, медавуху. У планах – вярнуцца да разліву пітной, у тым ліку газіраванай вады, магчыма, з араматызатарам. Выпускам салодкіх газіраваных напояў займацца не будзем па той прычыне, што яны ўсё менш папулярныя ў спажыўцоў. Пры гэтым мы захоўваем на перспектыву і падтрымліваем бактэрыю для выпуску безалкагольных квасных напояў, такіх як “Рисовит”.

Якасць прадукцыі прадпрыемства вы рэгулярна пацвярджаеце паспяховым удзелам у прафесійных конкурсах і выставах. Якія ўзнагароды маеце за апошні год?

– У лютым мы прымалі ўдзел у вялікай харчовай выставе “Продэкспо-2024” у Маскве, дзе выстаўляліся асобным павільёнам. Адтуль мы прывезлі залаты медаль па спіртах “Люкс” вытворчасці Парэцкага спіртзавода. Ён жа заваяваў залаты медаль на закрытай дэгустацыі. Таксама залатога медаля была ўдастоена “Зуброўка беларуская”, сярэбраныя ўзнагароды ў спіртных напояў “Крутой орешек” і гарэлкі “Серебряный родник”. Таксама сёлета мы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Залаты келіх”, які праводзіцца ў Беларусі. Сваю прадукцыю на ім, акрамя беларусаў, актыўна прадставілі кампаніі з Расіі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі і Казахстана. Там мы вызначыліся двума гран-пры (напой “Крутой орешек” і каньяк “Прэм’ер КВ”) і трыма залатымі медалямі – настойка салодкая “Чернослів с коньяком”, гарэлка “Храбрая водіца” і пладовае віно “Слонімскі пачастунак”. На будучы год таксама плануем удзел у выставах і мерапрыемствах, каб прадставіць навінкі, нашы якасныя прадукты патэнцыяльным спажыўцам і партнёрам. У Год якасці хочацца ўпэўнена сказаць, што прадукцыя Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” якасная: яна вырабляецца адпаведна тэхналагічным патрабаванням з сыравіны нашага краю – Гродзенскай вобласці з прымяненнем якаснай дзятлаўскай вады і пры ўдзеле высакакласных спецыялістаў. Каб заставацца канкурэнтаздольнымі і запатрабаванымі, мы пастаянна рухаемся наперад, удасканальваемся, пры гэтым захоўваючы традыцыі.

– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?

– Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці жадаю ўсім людзям, звязаным з працай на зямлі, а гэта практычна кожны беларус, моцнага здароўя, мірнай, дабрабытнай і бязвоблачнай будучыні. Каб у сем’ях панавалі любоў, дастатак, узаемаразуменне, гармонія. Каб работа задавальняла і прыносіла дастойны даход, а дома заўжды чакалі родныя людзі. Няхай планы і мары рэалізоўваюцца, а жыццё напаўняецца толькі добрымі падзеямі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ

Похожие публикации