З пачаткам ацяпляльнага сезона 2021 года ў жыхароў нашага раёна, не занятых у эканоміцы, прозвішчы якіх занесены ў базу даных, адчувальна “пацяжэюць” квіткі на аплату жыллёва-камунальных паслугаў.

Як службы прафілактыкі Дзятлаўшчыны працуюць з такімі грамадзянамі, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, які ўзначальвае камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, створаную пры райвыканкаме:

– З 1 верасня абноўлена база даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы: у ёй налічваецца 1550 чалавек, з якіх 1090 – не занятыя ў эканоміцы, яшчэ 460 жыхароў раёна пацвердзілі сваю занятасць. База актуалізуецца штоквартальна. Кожны другі і чацвёрты чацвяргі месяца з 9 да 11 гадзін у будынку райвыканкама праходзяць пасяджэнні камісіі па садзейнічанні занятасці, сёлета іх адбылося 18.

Жыхары раёна, прозвішчы якіх занесены ў базу даных, аб гэтым папярэджаны, бо выезды камісіі ажыццяўляліся ва ўсе сельскія саветы раёна, таксама грамадзян наведвалі па месцы жыхарства, высылалі ім лісты, тэлефанавалі – ніхто не застаўся без мераў садзейнічання. Калі ж хто-небудзь з беспрацоўных яшчэ сумняваецца, ці ёсць яго імя ў базе даных, даведацца пра гэта можна ў службе “Адно акно” райвыканкама або па тэлефонах: 2-63-82, 2-25-10.

Гэтай восенню працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, чакаюць адчувальныя змяненні: згодна з зацверджанымі спісамі ў трэцім квартале яны будуць аплачваць камунальныя паслугі з поўным пакрыццём выдаткаў на іх аказанне.

Гарачае водазабеспячэнне значна падаражэе для 26 нашых землякоў: 18 жыхароў Жукоўшчынскага сельсавета, 7 дзятлаўчан, аднаго жыхара гарпасёлка Казлоўшчына.

Цэны на газазабеспячэнне павысяцца для 12 чалавек, сярод якіх 3 дзятлаўчаніны, 2 новаяльнянцы, 3 жыхары гарпасёлка Казлоўшчына, па адным жыхару Парэцкага і Казлоўшчынскага сельскіх саветаў.

Плаціць даражэй за цеплазабеспячэнне давядзецца 35 грамадзянам, а гэта: 23 жыхары Жукоўшчынскага сельскага савета, 10 дзятлаўчан, 2 жыхары гарадскога пасёлка Казлоўшчына.

Калі не занятыя ў эканоміцы знаходзяцца за мяжой, а на Дзятлаўшчыне здаюць свае кватэры, яны акажуць “мядзведжую паслугу” кватарантам, якія будуць вельмі здзіўлены, атрымаўшы “важкі” квіток за жыллёва-камунальныя паслугі з пачаткам ацяпляльнага сезона. Калі ж нашы землякі выехалі за мяжу працаваць афіцыйна, пацвердзіць сваю занятасць яны могуць, даслаўшы ў камісію копіі дакументаў па пошце, электроннай пошце, нават па вайберы, праўда, для дакументаў на замежнай мове спатрэбіцца яшчэ і пацверджаны пераклад.

Лічу, што кожны грамадзянін нашай краіны, які жадае хадзіць па прыгожых чыстых вуліцах, ездзіць па зручных дарогах, атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу і адукацыю, у працаздольным узросце, калі яму гэта дазваляе здароўе, павінен працаваць і ўносіць свой уклад у развіццё беларускай эканомікі ў выглядзе падаходных падаткаў. Калі ж чалавек жыве багата, мае шыкоўныя дом і машыну, аднак пры гэтым не працуе, хутчэй за ўсё ён займаецца “шэрым бізнесам” і свядома абыходзіць дзяржаўную падатковую сістэму. Ва ўсім свеце неаплата падаткаў лічыцца грубым парушэннем заканадаўства і строга караецца. Таму такая мера ўздзеяння для не занятых у эканоміцы, як аплата тарыфаў за “камуналку” па поўным сабекошце, з’яўляецца справядлівай і актуальнай. Безумоўна, працаваць ці плаціць даражэй – кожны вырашае сам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации