Алена Абрамчык умее расказаць аб раёне і падарыць эмоцыі

21 лютага адзначаецца Сусветны дзень экскурсавода – прафесійнае свята экскурсаводаў і работнікаў сферы турызму.

Дата шырока адзначаецца ва ўсім свеце, у тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь. Таму цікава было даведацца ў атэставанага экскурсавода нашага раёна, спецыяліста па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра, аўтара экскурсіі “Дарогамі Дзятлаўшчыны” Алены Абрамчык пра асаблівасці і адметнасці гэтай справы.

– Алена Рыгораўна, мы ведаем вас як настаўніка-філолага, які ўсё жыццё працаваў у школах горада, потым у гімназіі. Скажыце, як сталі экскурсаводам?

– Так жа неспадзявана, як і краязнаўцам: палюбіла гісторыю Дзятлаўшчыны, пачала яе даследаваць, і ўсё дзякуючы таму, што пайшла працаваць у Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Работа мяне захапіла, бо там столькі цікавых матэрыялаў пра падзеі ў раёне, знакамітых людзей нашай зямлі. Даследавала, пісала артыкулы для дзятлаўчан, сустракалася з землякамі. Хацелася, каб пра Дзятлаўшчыну ведалі шырэй, асабліва самі яе ўраджэнцы і жыхары, каб ганарыліся сваёй зямлёй, разумелі, што яна лепшая. Пяцігадовая работа ў музеі дала магчымасць напісаць экскурсію “Дарогамі Дзятлаўшчыны” і абараніць яе ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

– Напэўна, няпроста было зрабіць гэта адной, бо вядома, што такімі распрацоўкамі займаюцца калектывы навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў, і афармляюцца экскурсіі па ўсіх нормах навуковай працы.

– Лёгкіх шляхоў не бывае, але дарогу адольвае той, хто крок за крокам рухаецца наперад. Галоўнае – узяцца, а там ужо сорамна не скончыць. Перад сабой сорамна. Мой дэвіз па жыцці: людзі робяць – няўжо я не змагу. Галоўнае, мець цярпенне, матывацыю, вопыт. Мне дапамог вопыт трынаццацігадовай работы намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава.

– Якімі якасцямі павінен валодаць экскурсавод?

– У першую чаргу, выдатнай мовай, рускай і беларускай, таму што ў маёй практыцы былі турысты, якія прасілі весці экскурсію па-беларуску. Мне ў гэтым плане пашанцавала: у свой час скончыла філалагічны факультэт БДУ імя Леніна па спецыяльнасці “беларуская і руская мова і літаратура”, выкладала ў школах абедзве мовы, пішу на іх вершы, артыкулы, таму “язык лёгкі”, як кажуць у народзе.

Яшчэ экскурсавод павінен максімальна дасканала валодаць інфармацыяй, якую расказвае людзям, пры гэтым цікавіцца новымі даследаваннямі і выкарыстоўваць іх у экскурсіі. Ды і самому варта ўключацца ў размову як персанажу і чалавеку неабыякаваму, захопленаму, перадаваць уражанні, эмоцыі, нечым нават зачароўваць падарожніка. Возьмем, напрыклад, палац Радзівілаў у Дзятлаве. Будынак непрыглядны, але як пачнеш расказваць, як захопіш мінуўшчынай ды рознымі таямніцамі, то госць стаіць зачараваны, нібы бачыць перад сабой і Радзівілаў, і Пятра Першага, і Напалеона Орду з мальбертам каля возера.

– Дзятлаўскі турінфацэнтр і ўвесь наш раён сёння ведаюць далёка за яго межамі дзякуючы шматлікім тэле- і радыёперадачам, распрацавана шмат турыстычных праграм і маршрутаў, якія абапіраюцца ў тым ліку на ваш. Скажыце, якім бачыце турызм на Дзятлаўшчыне ў будучым?

– Спадзяюся, што знойдуцца  паслядоўнікі, і справа, якой аддадзена шмат сіл і энергіі, будзе прадаўжацца. Турыстычнай сферы жыць і развівацца – гэта мы ўсе разам паказалі на прыкладзе Дзятлаўшчыны, нягледзячы на адсутнасць у нас такіх знакамітых аб’ектаў, як Мірскі або Нясвіжскі замкі. Справа, відаць, не столькі ў колькасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў, колькі ва ўменні прэзентаваць тое, што ёсць. І безумоўна, любіць трэба сваю работу, прафесію, сумленна і з добрым сэрцам адносіцца да працы, якая табе наканавана лёсам на пэўным этапе жыцця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#экскурсия #экскурсовод #Дятловщина

administrator

Recent Posts

«Зецельскі фэст» ў Дзятлаве.  Шэсце па цэнтральнай вуліцы

Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем  пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…

9 минут ago

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

6 часов ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

21 час ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

21 час ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

22 часа ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

22 часа ago