Напярэдадні навагодніх святаў гарадскія жыхары і госці раёна сталі заўважаць у вокнах і на вітрынах цэнтральнай гарадской аптэкі № 55 горада Дзятлава вітражную выставу навагодніх убранстваў ручной работы пад назвай “Навагодняя казка”.

Каляровыя кветкавыя і навагоднія кампазіцыі, мілыя мініяцюрныя цацкі на ёлку і калядныя ўбранствы вітрын нікога з наведвальнікаў аптэкі не пакідаюць абыякавымі.

Хто ж падарыў гараджанам святочны настрой? Адпраўляемся на пошук.

Складаныя формы, выдатны падбор колеру – яе работы здзіўляюць сваёй выразнасцю, кранальнасцю, казачнасцю кампазіцыі і тым майстэрствам і акуратнасцю, з якім выканана кожная з іх. Мар’я-майстрыха – так з захапленнем называюць сябры і знаёмыя Алу Ганчар. У яе жыцці прафесія фармацэўта і мастацкае рукадзелле гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы творчую прастору, у якой максімальна раскрываюцца ўсе грані яе асобы.

Спачатку пра захапленне  Алы Анатольеўны ведалі толькі яе родныя, сябры і знаёмыя, аднак  напярэдадні навагодніх святаў майстрыха падзялілася з калегамі калекцыяй уласных творчых работ.

У інтэрв’ю з Алай Ганчар я даведалася аб яе любімым занятку, у аснове якога – фоаміранавая фларыстыка.

– Ала Анатольеўна, з чаго пачалося ваша захапленне?

– Усё пачалося прыкладна год таму. Усёй сям’ёй мы рыхтаваліся да вяселля старэйшага сына і сутыкнуліся з тым, што дэкаратыўныя ўпрыгажэнні залаў, сталоў патрабуюць вялікіх выдаткаў. У пошуках прымальных варыянтаў на адным з інтэрнэт-сайтаў я ўбачыла майстар-клас па вырабе вясельных бутаньерак. Мяне зацікавіла, наколькі складана зрабіць гэтыя ўпрыгажэнні і як хутка можна навучыцца гэтай справе. Паспрабавала – атрымалася. Першымі былі бутаньеркі, затым – упрыгажэнні для сталовых прыбораў, саміх сталоў і, адпаведна, залы. З таго часу любоў да мастацтва і імкненне тварыць аказаліся настолькі моцнымі, што цяпер увесь свой вольны час я прысвячаю новым работам.

– Карані вашых сённяшніх захапленняў можна знайсці ў дзяцінстве?

– Успамінаючы, думаю, што так. Мне з самага дзяцінства падабалася нешта вынаходзіць і майстраваць. Я любіла маляваць і атрымлівала задавальненне. Адзін час, як і любая дзяўчынка, марыла аб прафесіі, звязанай з творчасцю. Аднак рэалізаваць свае мары змагла толькі цяпер.

– Ала Анатольеўна, усе вашы работы адрозніваюцца акуратнасцю, вытанчанасцю і каляровай гармоніяй. У выніку рэчы атрымліваюцца стыльныя, у кожнай ёсць  свая “фішка”. Што вам дапамагае ў гэтым?

– Я знаходжуся ў пастаянным пошуку і не абмяжоўваюся толькі кампазіцыямі, не баюся эксперыментаваць. Праца з прыродным матэрыялам дазваляе мне ствараць чароўны свет: квітнеючыя кампазіцыі з матылькамі, зімовую казку з карункамі сняжынак і шэранню. Дзякуючы майстэрству спалучэння розных прыродных матэрыялаў, я імкнуся дамагчыся таго, каб работы выглядалі аб’ёмнымі і рэалістычнымі. Гэта і ёсць самая сапраўдная магія.

– Як вы знайшлі свой стыль, дзе чэрпаеце сюжэты для вашых работ?

–  Усе мае работы – гэта мая фантазія.

– Вашы работы пачынаюцца з эскіза або тон усяму задаюць матэрыялы?

– Часам праца пачынаецца з эскіза-вобраза, але гэты эскіз заўсёды ствараецца ў галаве, як успышка. Напрыклад, убачыўшы багацце і разнастайнасць кветак на гарадскіх клумбах, не магу забыцца на прыгажосць убачанага, пачынаю ў думках перабіраць запасы матэрыялаў і паволі сплятаць іх разам. Прыйшоўшы дадому, адразу хочацца узяцца за справу і ўвасобіць ідэю ў рэальнасць. Часцей за ўсё я нічога не планую і не прадумваю загадзя. Калі душа просіць чагосьці вясновага, я саджуся за стол, дастаю ўсё, што нагадвае мне пра вясну і пяшчоту, і пачынаю тварыць. Эскізы не малюю – лічу, што гэта не патрэбна.

– Амаль у кажнай вашай рабоце  прысутнічаюць кветкі. А што яшчэ, акрамя іх, можа натхніць вас на творчую ідэю?

– Натхненне можа прыйсці ад самых нечаканых рэчаў, але мой галоўны натхняльнік – гэта прырода. І гэта не толькі жывыя кветкі, пейзажы, формы, фактуры, але і проста стан душы, настрой, ранняя сонечная раніца, восеньскі дождж, летні вецер. Мяне натхняе музыка, фільмы, людзі, прыгожыя рэчы.

– Напэўна, ваша майстэрня поўная разнастайнымі матэрыяламі. Наколькі сур’ёзна вы падыходзіце да іх выбару?

– Добрыя якасныя матэрыялы – гэта палова поспеху, таму да кожнай рэчы прад’яўляю сур’ёзныя патрабаванні. У сваіх запасах я стараюся падтрымліваць пастаянную разнастайнасць, каб была магчымасць параўноўваць, выбіраць, мяняць. У пошуку патрэбных матэрыялаў вельмі дапамагаюць магазіны для рукадзельніц “Алекс” і “Лясная паляна”, акрамя гэтага, люблю прагулкі па лясных і лесапаркавых масівах – гэта нязменная скарбніца неабходных матэрыялаў для новых творчых ідэй.

– Напэўна, ужо многія знаёмыя і сябры ацанілі ваша майстэрства?

– Мне падабаецца ўсведамляць, што мая творчая  дзейнасць дастаўляе радасць маім блізкім і сябрам, радуюся, калі адчуваю, што патрэбна людзям, што мой занятак стварае прыгажосць і ўтульнасць вакол. Аамаль заўсёды, калі дару свае работы, на мяне глядзяць з удзячнасцю і захапленнем. Узамен падарункаў я атрымліваю зарад добрай энергіі. Паверце, гэта сапраўднае свята для душы.

– Што дало вам падставу падзяліцца здабыткамі сваёй творчасці?

– На рабоце мне даводзіцца праводзіць значны адрэзак часу, аднак я вельмі люблю сваю работу і людзей, з якімі працую. Гэта і мае калегі, і нашы пакупнікі. Хацелася, каб адчуванне свята завітала да кожнага. Калектыў фармацэўтаў у нас вельмі з’яднаны і дружны. Калі рыхтаваліся да святаў, я прапанавала падзяліцца сваімі творчымі работамі, калегі мяне падтрымалі і добрым словам, і справай. Разам мы прыбралі да навагодніх і калядных святаў вітрыны і рэцэптуары. Добры настрой і шчырыя ўсмешкі – галоўны стан душы, які дапамагае людзям захаваць сваё здароўе, тое, чаго сёння так не хапае кожнаму. Мы з калегамі жадаем усім нашым пакупнікам моцнага здароўя, дабрабыту і спадзяёмся, што змаглі парадаваць кожнага, хто завітаў да нас.

 

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации