Эліксір маладосці пакуль не знойдзены, хоць навукоўцы і вылучаюць даволі смелыя тэорыі і метады амаладжэння.
Праўда, нікому не патрэбны дадатковыя гады жыцця, калі яны будуць напоўнены хваробамі, пакутамі, немагчымасцю сябе абслугоўваць.
Якасць жыцця, стан фізічнага і псіхічнага здароўя маюць такое ж значэнне, як і яго працягласць. Захаваць актыўнасць і бадзёрасць духу, жывучы да 90-100 гадоў, на сёння не з’яўляецца нерэальнай задачай. Што ж трэба рабіць чалавеку, каб дасягнуць актыўнага даўгалецця?
Існуе нямала спосабаў, сярод іх выбралі 10 галоўных:
- Пазбягайце высокай стрэсавай нагрузкі, бо стрэс – “ціхі” забойца, ён прыводзіць да сардэчных захворванняў, запаленняў органаў, астмы, дыябету, дэпрэсіі. Нездарма кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў, таму прыміце меры, як толькі заўважылі, што стрэс парушае ваша звыклае жыццё.
- Добра харчуйцеся, выбірайце неапрацаваныя, натуральныя і свежыя прадукты (садавіну, агародніну, нятлустае мяса, цэльназерневыя прадукты).
- Не курыце: тытунёвы дым разбурае бронхі, лёгкія, атручвае арганізм, зношвае сасуды.
- Спіце дастаткова і спакойна. Калі непакоіць бяссонніца – звяртайцеся да доктара і як мага хутчэй вырашайце праблему.
- Адмоўцеся ад алкаголю: большасць спецыялістаў упэўнены, што бяспечных дозаў спіртнога не існуе.
- Завядзіце хатняга гадаванца. Навукова даказана, што гэта дапамагае захоўваць здароўе і псіхалагічны камфорт. Уладальнікі свойскіх жывёл маюць больш стабільны артэрыяльны ціск і больш здаровую сардэчна-сасудзістую сістэму, карысны таксама клопат пра гадаванца і прагулкі з ім на свежым паветры.
- Будзьце актыўныя і энергічныя, рэгулярна выконвайце фізічныя практыкаванні з улікам агульнага стану здароўя і калі няма паталогій. Калі ўключыце ў графік практыкаванні з нагрузкай, яны дапамогуць захоўваць мышачную масу і ўмацоўваць косткі.
- Рэгулярна давайце нагрузку свайму мозгу: розум павінен быць такім жа актыўным, як і цела. Калі хочаце прадухіліць дэменцыю і старэць павольней, набывайце новыя навыкі, вывучайце незнаёмую інфармацыю.
- Актыўней уключайцеся ў грамадскае жыццё, дапамагайце іншым. Людзі, якія адчуваюць сябе патрэбнымі, жывуць значна даўжэй і адчуваюць сябе больш шчаслівымі.
- Заставайцеся аптымістамі, гэта лепшая жыццёвая стратэгія, бо дае дадатковыя сілы і жаданне жыць даўжэй.
Алена МАКОЎСКАЯ,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga