Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю старшыні міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” Радзіку Батыршыну.
Аляксандра Рыгоравіча спыталі, што можа прапанаваць Беларусь партнёрам па ЕАЭС і іншым краінам для павышэння харчовай бяспекі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь у гэтым напрамку дасягнула важкіх вынікаў, бо не толькі забяспечвае сябе прадуктамі, але і пастаўляе іх на экспарт: па выніках 2024 года атрымана 8,5 мільярда долараў ЗША валютнай выручкі, але ў гэту лічбу не ўключана тое, што вывозіцца турыстамі і самімі беларусамі ў час прыватных паездак за мяжу. Папулярнасць беларускія тавары заслужылі дзякуючы нязменнай якасці.
На Дзятлаўшчыне адным з галоўных экспарцёраў харчовай прадукцыі з’яўляецца Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Вось што расказала спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці філіяла Таццяна Тухто:
– Беларуская малочная прадукцыя за мяжой цэніцца за высокую якасць. Самым надзейным эканамічным партнёрам дзятлаўскага завода на знешнім рынку з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Увядзенне федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы “Меркурый” у галіне ветэрынарыі дапамагае кантраляваць рух прадукцыі прадпрыемства і выключае фальсіфікацыі на расійскім рынку. Дзякуючы гэтай праграме можна даведацца аб тэрмінах вырабу і прыдатнасці, колькасці партый, назве вырабаў, штрых-кодах. Таксама расійскія контрагенты могуць атрымліваць коды маркіроўкі праз нацыянальнага аператара з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння, якое можна ўстанавіць на мабільным тэлефоне: яго пры жаданні падносяць да любой галоўкі сыру. Праз счытванне QR-кода паступае поўная інфармацыя, якая выключае фальсіфікат нават асобных вырабаў. Попыт на малочную прадукцыю ў Расійскай Федэрацыі расце другі год запар і больш высокімі тэмпамі, чым раней.
Дзятлаўскі філіял – гэта структурнае падраздзяленне ААТ “Молочный Мир” з 2020 года. Асартымент прадукцыі завода разнастайны, ён адпавядае самым высокім патрабаванням пакупніка.
За нязменную якасць адкрытае акцыянернае таварыства ордэна Працоўнай славы ААТ “Молочный Мир” неаднаразова было лаўрэатам на розных міжнародных выставах. Па выніках Міжнароднага конкурсу “Прадэкспа-2024” “Молочный Мир” заваяваў адразу сем дыпломаў гран-пры, залатыя і сярэбраныя медалі. Па выніках ацэнкі малочнай прадукцыі прадпрыемства стала адным з пяці, каму прысудзілі званне “Лепшы вытворца”. Менавіта Дзятлаўскі філіял атрымаў сярэбраныя медалі за сыры з водарам грэцкага арэха, галандскі, плаўлены, масла 72 і 82,5 % тлустасці, што пацвярджае высокую якасць і канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі.
У асобе дырэктара Андрэя Жыдко завод прадстаўляў сваю прадукцыю на выставе прадуктаў харчавання і напояў “Інтэрфуд Урал” у Екацярынбургу, а ў лютым гэтага года – у Маскве.
У верасні 2024 года генеральны дырэктар ААТ “Молочный Мир” Марына Анікеева і ўвесь калектыў таварыства з вялікай адказнасцю, гонарам і энтузіязмам падтрымалі дабрачынны праект па аказанні гуманітарнай дапамогі жыхарам Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі, накіраваўшы туды каля 20 тон якаснай прадукцыі.
Поспех прадпрыемства на рынку базіруецца на трох складальніках: інавацыі, маркетынг, інвестыцыі. Стаўкі робяцца на тэхнічнае пераўзбраенне, што дазваляе павялічваць магутнасці, паляпшаць якасць прадукцыі. Стабільна высокая якасць дае магчымасць пастаянна нарошчваць экспарт, доля якога ў аб’ёме рэалізаванай прадукцыі складае каля 97 %. Пастаяннымі спажыўцамі ў Расіі з’яўляюцца жыхары Масквы, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Бранска, іншых рэгіёнаў. У 2024 годзе тавараабарот з Расіяй склаў больш за 26 мільёнаў долараў ЗША або 128 % у параўнанні з 2023 годам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае