У Беларусі падведзены вынікі летняй аздараўленчай кампаніі-2026.
Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” ў час рэспубліканскага семінара-нарады “Кіраўнічыя і арганізацыйныя аспекты правядзення летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года: рэспубліканскі вектар і рэгіянальная практыка”.

Дэлегацыя Гродзенскай вобласці таксама прымала ўдзел у мерапрыемстве. Па выніках летняй аздараўленчай кампаніі ў гэтым годзе прадстаўнікі Прынёмання і ўстановаў адукацыі Гродзеншчыны сталі пераможцамі і прызёрамі некалькіх конкурсаў. Ёсць узнагарода і ў дзятлаўчан.

У конкурсе “Лепшы аздараўленчы летнік” у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” дыплом першай ступені заваявала сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Больш падрабязна аб праекце-пераможцы расказалі яго аўтары – педагогі ўстановы Алена Шымко і Мая Якаўчык, якія ў час летняй аздараўленчай кампаніі былі кіраўніком і старшым выхавальнікам школьнага летніка “ІТ-Град”:

– Гэтым летам 40 навучэнцаў ва ўзросце 9-14 гадоў 15 дзён адпачывалі ў кругласутачным летніку “ІТ-Град” на базе нашай школы. Каб змена для іх прайшла ярка, запамінальна і з карысцю, мы заклікалі хлопчыкаў і дзяўчынак далучыцца да праекта “ІНЖЫНЕРіУМ: будуем будучыню Беларусі разам”. Так, летнік ператварыўся не проста ў месца адпачынку, а стаў асаблівым адукацыйным асяроддзем, дзе аздараўленне, творчасць, прафарыентацыя і выхаванне злучыліся ў адзіную гульнявую мадэль. На яе стварэнне нас, педагогаў, натхніў прыклад кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, на прыкладзе якога і стварылі свой гульнявы праект, за які атрымалі на сустрэчы ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” дыплом І ступені і сімвалічную статуэтку крыштальнага зубра.

Кожны дзень адпачынку ў “ІТ-Градзе” быў напоўнены як карыснай прафарыентацыйнай дзейнасцю, так і яркімі, цікавымі падзеямі. Раніцай нашы два атрады “Электроншчыкі” і “Механікі” атрымлівалі тэхнічнае заданне ад мадэратара змены – Робат-майстра. У канструктарскім бюро і на 3D-прынтары да канца адпачынку яны павінны былі стварыць зменшаную інтэрактыўную мадэль-карту “Вялікага камня”, каб на прыкладзе маленькага макета паказаць, як у высокатэхналагічным кластары наладжана лагістыка, працуюць інжынерная, вытворчая, лічбавая, іншыя службы. Такім чынам мы пастараліся зацікавіць дзяцей адпаведнымі спецыяльнасцямі, бо ў школе функцыянуе інжынерна-тэхнічны цэнтр, профільныя класы, актыўна развіваецца навукова-даследчая дзейнасць.

Другая палова дня юных адпачывальнікаў была напоўнена спортам, гульнямі, творчасцю, цікавымі сустрэчамі і экскурсіямі, у тым ліку на прадпрыемствы і інжынерныя аб’екты вобласці.
Прызнацца, пры падвядзенні вынікаў аздараўленчай кампаніі былі ўпэўнены, што наш праект абавязкова заўважаць, аднак першае рэспубліканскае месца стала прыемнай нечаканасцю, бо адчувалася вельмі сур’ёзная канкурэнцыя за перамогу, дзе мы спаборнічалі з буйнымі стацыянарнымі летнікамі Беларусі.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае