Наведваючы Аршанскі раён, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў аграгарадку Копысь паставіў задачы па развіцці пасёлкаў гарадскога тыпу. Ён даручыў правесці рэвізію стану спраў у гэтых населеных пунктах краіны і вызначыць, што яшчэ трэба зрабіць: “Паглядзім, як пасёлкі гарадскога тыпу прыводзяць у парадак, чаго не хапае, абмяркуем, прымем меры”.

Як развіваецца гарпасёлак Наваельня, які па выніках абласнога конкурсу сярод арганізацый мясцовага самакіравання ўвайшоў у тройку лепшых на Гродзеншчыне, расказала старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч:

– Наваельня знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Дзятлава і акружана маляўнічым хваёвым лесам. Яна займае плошчу ў 632,18 гектара і складае адміністрацыйны цэнтр і землі Новаяльнянскага сельсавета. Насельніцтва пасёлка – больш за 2800 чалавек, сярод якіх 1700 – жыхары працаздольнага ўзросту, 327 – дзеці, астатнія – пенсіянеры. У пасёлку працуюць 38 арганізацый і прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Самыя буйныя: ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, Новаяльнянскі ўчастак па ізаляцыі труб ААТ “Гроднагазбудізаляцыя”, Новаяльнянскае лясніцтва, СТАА “Суперпакінвест”, Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі.

Рабоце па добраўпарадкаванні тэрыторый сельсавета і павышэнні камфорту жыцця надаецца вялікая ўвага. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца прадухіленне несанкцыянаваных звалак, Новаяльнянскім участкам РУП ЖКГ наладжаны рэгулярны вываз бытавых адходаў, насельніцтва забяспечана кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця, школьнікамі і лясніцтвам арганізоўваюцца сумесныя рэйды “Зрабі лес чыстым”. Для рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў кацельня ў пасёлку працуе на газе і дранцы.

Адначасова з добраўпарадкаваннем вырашаюцца пытанні фарміравання спрыяльнага асяроддзя для людзей, гарпасялкоўцы актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Двойчы на год праводзяцца месячнікі па санітарнай ачыстцы тэрыторый, ладзяцца суботнікі. Па рашэнні сельвыканкама для паляпшэння санітарнага стану пасёлка за арганізацыямі і школьнікамі замацаваны грамадскія тэрыторыі і чатыры воінскія пахаванні.

Не менш увагі надаецца абнаўленню інфраструктуры: летась адбылася рэканструкцыя вуліцы Шашэйнай з будаўніцтвам аўтамабільнай стаянкі і месца для выязнога гандлю, праведзены бягучы рамонт гандлёвых радоў, васьмі вуліц і завулкаў, капрамонт трох шматпавярховых дамоў. У некаторых шматкватэрных дамах устаноўлены відэакамеры і амаль ва ўсіх – дамафонныя сістэмы.

Для змяншэння колькасці пустуючых безгаспадарчых дамоў з пачатку дзеяння ўказа № 116 іх знесена сем. Каб скараціць выдаткі на такія работы, знос ажыццяўляецца з дапамогай жыхароў, якія маюць жаданне ў далейшым выкарыстоўваць участкі. Так, летась знесены два, прададзены за адну базавую велічыню тры дамы, яшчэ два рэалізаваны праз аўкцыён.

Фарміраванне здаровага ладу жыцця насельніцтва – яшчэ адна важная задача, на вырашэнне якой скіраваны прафілактычны праект “Наваельня – здаровы пасёлак”, які рэалізуюць установы культуры, адукацыі і сельвыканкам пад кіраўніцтвам Дзятлаўскага райЦГЭ. На прышкольнай тэрыторыі для ўсіх жадаючых працуе шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка з трэнажорамі, у Доме культуры праводзяцца заняткі ёгай. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву мясцовай улады, жыхароў, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, пасёлак становіцца ўсё больш прывабным для жыхароў і гасцей. У планах на Год добраўпарадкавання – завяршыць будаўніцтва Новаяльнянскай бальніцы, ажыццявіць рэканструкцыю трохпавярховага будынка пад арэнднае жыллё, прадоўжыць азеляненне і рамонт вуліц, работу з уласнікамі і спадчыннікамі дамоў па падтрыманні эстэтычнага выгляду. У рамках нядаўняга рэспубліканскага суботніка  прыбрана лесапаркавая зона паміж вуліцамі Першамайскай і К. Маркса, таксама ў пасёлку ажыццяўляецца рамонт дваровых тэрыторый у мікрараёне шматпавярховых дамоў па вуліцах Снітко, 7, 6, Чырвонаармейскай, 45, Дзятлаўскай, 3.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации