Дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алена Круглова вярнулася з горада Санкт-Пецярбурга, дзе праходзіла сустрэча ў рамках Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Яна падзялілася ўражаннямі ад паездкі і стасункаў з калегамі з саюзнага адукацыйнага аб’яднання:  

– З 22 па 24 кастрычніка мне пашчасціла прадстаўляць нашу ўстанову на значнай падзеі – форуме прадстаўнікоў адукацыйных арганізацый-членаў Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства, якое прайшло на пляцоўцы Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аб’яднала больш за 150 кіраўнікоў і педагогаў з 18 рэгіёнаў Расіі і сямі рэгіёнаў Беларусі. Шэсць дырэктараў установаў адукацыі Гродзенскай вобласці прымалі ўдзел у рабоце форуму.

Для нашай установы гэта падзея асаблівая. Сёння асацыяцыя, якая адзначае сваё пяцігоддзе, аб’ядноўвае 950 адукацыйных арганізацый і больш за 720 тысяч навучэнцаў. Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што наша Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук уваходзіць у гэты магутны адукацыйны саюз.

Праграма форуму была насычанай. У першы дзень мы працавалі на подыумных дыскусіях, дзе абмяркоўвалі інавацыі, кіраўнічыя практыкі і, безумоўна, пытанні захавання гістарычнай памяці. Прыемна было чуць словы вітання ад міністра асветы Расійскай Федэрацыі Сяргея Краўцова і міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, якія падкрэслілі важнасць фарміравання адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Асабліва кранальны момант – ускладанне кветак на Піскароўскіх мемарыяльных могілках. Для педагогаў нашых дзвюх краін – гэта не проста даніна павагі загінулым героям, а наш агульны абавязак і разуменне таго, наколькі важна сёння перадаваць маладому пакаленню праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.

Галоўным дзелавым вынікам для Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве з сярэдняй агульнаадукацыйнай школай “Наватар” горада Краснадара. На форуме такія пагадненні падпісалі сямнаццаць пар школ. Гэта не проста афіцыйныя паперы – за імі стаяць канкрэтныя сумесныя праекты, прафесійныя абмены і новыя магчымасці для нашых навучэнцаў і настаўнікаў.

Акрамя таго, для мяне стала вялікім гонарам атрымаць падзячны ліст ад міністра асветы Расійскай Федэрацыі Сяргея Краўцова за развіццё адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і актыўны ўдзел у дзейнасці Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўзнагарода – заслуга ўсяго нашага педагагічнага калектыву, усіх навучэнцаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах асацыяцыі.

За гэтыя дні мы пабывалі ў пецярбургскіх школах – гімназіі № 32, ліцэі № 329, школе № 72. Убачылі, як арганізавана адукацыйная прастора калег, абмяняліся вопытам, а вячэрняя экскурсія па Юсупаўскім палацы і прагулкі па набярэжнай Нявы нагадалі, наколькі важныя такія жывыя сустрэчы, дзе пануе шчырасць слоў, позіркаў, усмешак.

Вяртаючыся дамоў, я думала пра тое, што падобныя падзеі пераконваюць у важнасці сумеснай работы. Наперадзе ў нашай і краснадарскай школы “Наватар” шмат цікавай работы. Упэўнена: агульная адукацыйная прастора пачынаецца з асабістага знаёмства і шчырага жадання разам будаваць будучыню для нашых дзяцей.

Ірына СТЫРНІК
Фота Алены КРУГЛОВАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации