Адзін з лепшых відаў адпачынку – на прыродзе, у цішыні ад гарадскога шуму, на свежым паветры.
Многія яго аматары аддаюць перавагу аграсядзібам, і не дарэмна, бо ў Беларусі вялікая ўвага надаецца аграэкатурызму, і ў нашым раёне ў тым ліку.
Нягледзячы на тое, што пасля ўказа “Аб развіцці аграэкатурызму” аграсядзібаў стала значна менш, людзям, занятым у гэтай сферы, улады заўжды гатовыя дапамагчы і падтрымаць, а для аматараў правесці вольны час на прыродзе і ўмовы не сталі горшымі, і прапановаў ад гаспадароў такіх сядзібаў не паменшала. Аднак некаторым “праўдашукальнікам” гэта не падабаецца, і коле вочы тое, што аграсядзібаў стала менш.
Так, на адным з беларускіх сайтаў нядаўна з’явіўся матэрыял, у якім аўтар абураецца, што “колькасць аграсядзібаў скарацілася, але аграэкатурызм лічаць адным з прыярытэтных кірункаў”. Узнікае пытанне: ці разабраўся ён ва ўсіх дэталях і ці так усё складана на самой справе?
Як развіваецца сфера аграэкатурызму ў Дзятлаўскім раёне, пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:
– Увядзенне ў практыку Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму” запатрабавала правядзення вялікай інфармацыйнай і тлумачальнай работы сярод суб’ектаў аграэкатурызму на прадмет адпаведнасці дзейнасці па аказанні паслуг у гэтай сферы патрабаванням указа. Бо нездарма так доўга ішла палеміка аб гасцінічным і рэстаранным бізнесе і аб тых паслугах, якія можа аказваць аграэкасядзіба. І як паказала практыка, суб’екты аграэкатурызму, дасканала ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”, зрабілі свой выбар. У дадзеным пытанні колькасць не значыць якасць. А мы працуем менавіта на якасць у тым прававым полі, якое адрэгулявана заканадаўствам. Усе тры аграэкасядзібы ў нашым раёне размешчаны ў розных геаграфічных пунктах: Дварэцкім, Вензавецкім і Парэцкім сельсаветах. На кожнай сядзібе ёсць свая адметнасць. Таму казаць пра тое, што аграэкатурызм для Дзятлаўшчыны не з’яўляецца прыярытэтным, было б няправільна, улічваючы, што Дзятлаўскі раён невялікі па памерах, насельніцтва складае крыху больш за 22 000 чалавек, і тыя аграэкасядзібы, якія прадоўжылі сваю працу, цалкам могуць забяспечыць сустрэчу турыстаў. Грамадзян, якіх цікавяць пытанні аздараўлення, з задавальненнем прымаюць здраўніцы “Радон” і “Альфа Радон”, людзі, якія прыязджаюць у камандзіроўку, засяляюцца ў атэль “Дядя Ваня”. Таму ўвядзенне ўказа “Аб развіцці аграэкатурызму” расставіла ўсё па месцах, кожны знайшоў сваю нішу і запатрабаванасць.
Як бачым, усё проста, ясна і даступна. Хто хоча працаваць, развіваць сваю справу, той не выказвае незадаволенасць, а дзейнічае. І ведае, дзе і ў каго можна знайсці падтрымку і дапамогу.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga