Павел Ашурык, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама выказаў меркаванне аб сацыяльна арыентаванай палітыцы нашай дзяржавы:
– Згодна з Канстытуцыяй, Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Менавіта сацыяльны складальнік яе дзейнасці з’яўляецца той самай акалічнасцю, якая ў жыцці тычыцца амаль кожнага грамадзяніна, і гэта не проста замацаваны ў Канстытуцыі пастулат. Бясплатная медыцына, адукацыя, сацыяльная абарона – не пустыя словы, а, па сутнасці, трэнд Беларусі. Гэта ўжо, па-добраму, прывычна для нашых жыхароў. Аднак варта разумець, што такія прывычныя выгоды маюць адпаведную цану і расходы, якія бярэ на сябе дзяржава.
На працягу шэрагу гадоў прыярытэтным кірункам расходаў бюджэту Гродзенскай вобласці застаюцца сацыяльная сфера, падтрымка чалавека, яго здароўя і будучыні. Напрыклад, у лічбах структура гэтых расходаў займае асноўную долю. За дзевяць месяцаў бягучага года на ўтрыманне і развіццё гэтай сферы (без уліку расходаў на будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры) накіраваны 2 мільярды 118,7 мільёна рублёў, або 62,4 % усіх бюджэтных расходаў. Найбольш бюджэтаёмістыя сферы: адукацыя – 27,9 % ад расходаў вобласці, ахова здароўя – 24,2 %, сацыяльная палітыка – 6,1 %.
Акрамя таго, у рамках фінансавання Інвестыцыйнай праграмы Гродзенскай вобласці штогод накіроўваюцца сродкі на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, што дазваляе палепшыць якасць жыцця насельніцтва. У прыватнасці, у 2025 годзе прадугледжана на гэтыя мэты каля 50 мільёнаў рублёў.
Бюджэтная палітыка, якая праводзіцца, дазваляе не толькі захаваць устойлівасць рэгіёна і краіны, але і нарасціць рэсурсную базу для ўмацавання і развіцця сацыяльных напрамкаў у далейшым. Важна забяспечваць і захоўваць трэнд сацыяльнай стабільнасці для павышэння ўзроўню сацыяльнага дабрабыту нашых грамадзян.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga