15 снежня ў Рэспубліцы Беларусь стартавала маштабная дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці”, якая прадоўжыцца да 14 студзеня. На Дзятлаўшчыне яе ўрачыстае адкрыццё адбылося з удзелам кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, куды былі запрошаны 80 адораных навучэнцаў 9-11 класаў.






– Ёсць на працягу года перыяд, калі і дзеці, і дарослыя вераць у казку і чарадзейства, і гэта час навагодніх і калядных святаў, які ажыццяўляе самыя запаветныя мары, – павітаў прысутных кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – Пачатак яго на Дзятлаўшчыне і ў Беларусі ў цэлым азнаменаваны стартам дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Мэта марафона дабра – акружыць увагай і клопатам тых, хто мае ў гэтым асаблівую патрэбу. Праходзіць ён амаль паралельна з яшчэ адной дабрачыннай рэспубліканскай акцыяй “Ад ўсёй душы”, удзельнікі якой таксама выступаюць дабрадзеямі, дораць святочны настрой і радасць пажылым грамадзянам.


Сёння прыемна знаходзіцца ў гэтай зале, тут сабраліся лепшыя ў вучобе, спорце, творчасці. Зразумела, што галоўная задача школьнікаў – вучоба, аднак не менш важна расці добрымі і нераўнадушнымі людзьмі, адгуквацца на чужы боль. За гэта дзякую камандзе валанцёраў “Нераўнадушнае сэрца” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якія сталі прызёрамі абласнога этапу валанцёрскага конкурсу. Добрыя словы адрасую і навучэнцам, іх педагогам, якія паспяхова прымалі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Чырвоная зорка Героя”. Напярэдадні Новага года жадаю юным дзятлаўчанам, каб усе іх перамогі і дасягненні памножыліся, сталі больш значнымі, поспехаў вам на прадметных алімпіядах, а выпускнікам – у час здачы цэнтралізаваных іспытаў. Міра, дабрабыту, здароўя ўсім.

Адметнасцю сёлетняй акцыі “Нашы дзеці” на Дзятлаўшчыне стаў удзел у ёй моладзевага медыяцэнтра “КУБ”, які ў кастрычніку быў адкрыты на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.


Праграму моладзевага эфіру адкрыла тэлеперадача “Вакол свету за 10 хвілін”. Вядучымі яе сталі пераможца першага этапу раённага конкурсу “Медыя-Арт” Аліса Ліцкевіч і яе мама Наталля Анатольеўна – педагог Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, дзе вучыцца і сама дзяўчынка. Яны азнаёмілі прысутных з тым, як адзначаюць Новы год жыхары розных краін – ад Афрыкі да Антарктыды, і разам з маладымі ўдзельнікамі свята прадставілі топ самых незвычайных навагодніх традыцый.





Наступным эстафету сюрпрызаў пераняла адказны рэдактар пілотнага праекта “Мы пішам – пішуць нам” Аляксандра Гутыра. Каб зрабіць сваю перадачу яркай і запамінальнай па парадзе калегі – карэспандэнта прэс-цэнтра гімназіі № 1 горада Дзятлава Ксеніі Золатавай – яна запусціла рубрыку “Старая песня аб галоўным”, разнастаіць якую дапамаглі пераможцы і прызёры многіх музычных конкурсаў Юлія Болбат і Аліна Палухіна з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, іх сябар па ўстанове Віталь Місцюкевіч, які захапляецца спортам, а таксама школьны ансамбль “Арэал”.





Увесці ў моладзевы эфір наступную цікавую рубрыку “Героі свайго часу” прапанаваў навучэнец Казлоўшчынскай сярэдняй школы Максім Ерамейчык, а яе героямі сталі сябры па ўстанове – удзельнікі школьнага клуба “Мужнасць” на чале з камандзірам Сямёнам Адамчыкам, якія сёлета сталі “сярэбранымі” пераможцамі рэспубліканскага этапу ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.




Паколькі 2025 год у нашай краіне выдаўся сапраўдным годам брэндзінгу, брэнд-менеджар моладзевага агенцтва “Зробім” Лізавета Юргель прапанавала медыяцэнтру “КУБ” у перыяд пераднавагодняга ажыятажу аб’яднаць намаганні і адзіным фронтам падысці да стварэння навагодняга брэнда і арганізацыі акцыі “Нашы дзеці” ў Дзятлаўскім раёне. Узорам для пазітыўнага піяру сталі прысутныя на свяце дыпламант першай ступені навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, лаўрэат канферэнцый “Купалаўская вышыня”, “Крыштальная Альфа”, “Навука перамагаць” Павел Ганчар з Дварэцкай сярэдняй школы і мэтры піяра і рэкламы – каманда КВЗ “Зумеры на мінімалках” з гімназіі № 1 горада Дзятлава.




Безумоўна, ні адна піяр-кампанія не абыходзіцца без галоўных сімвалаў свята. Да ўдзельнікаў урачыстасці паспяшаліся далучыцца навагоднія героі Дзед Мароз і Снягурачка, якія раскрылі прысутным галоўны сакрэт акцыі “Нашы дзеці” – што кожны жадаючы ў час яе здольны стаць добрым чараўніком, бо напярэдадні навагодніх святаў няма больш прыемнай і важнай місіі, чым дарыць дабро, ахінаць клопатам тых, хто мае ў гэтым патрэбу.



Напрыканцы ўрачыстасці адбылася галоўная музычная падзея адыходзячага года: журналісты медыяцэнтра “КУБ” заклікалі прысутных далучыцца да акцыі “Спяём разам!” і выканаць песню “Гэты Новы год”. Не абышлося і без салодкіх падарункаў ад Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якія атрымалі ўсе ўдзельнікі свята.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #нашидети