Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартуе 13 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар ЦК ГА «БРСМ» Аляксандра Ганчарова.

Акцыя пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Традыцыйна пуцёўкі ў дарослае жыццё маладыя людзі атрымаюць з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і іншых заслужаных і аўтарытэтных людзей краіны. «Цэнтральныя мерапрыемствы стартуюць 13 сакавіка. Так, у гэты дзень у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці пашпарты 14-гадовым падлеткам уручыць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сімвалічна стануць 25 маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Усе яны выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд, актывісты БРСМ і БРПА. У гэты ж дзень правядзенне акцыі запланавана ў Камітэце дзяржаўнага кантролю з удзелам старшыні КДК Леаніда Анфімава, 14 сакавіка — у Канстытуцыйным судзе з удзелам старшыні суда Пятра Міклашэвіча, 15-га — у Савеце Рэспублікі, дзе пашпарты ўручыць старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч», — расказала Аляксандра Ганчарова.

Паводле яе слоў, на гэты раз акцыя будзе мець некаторыя асаблівасці. «15 сакавіка — асаблівая дата ў гісторыі нашай дзяржавы. У гэты дзень 25 гадоў таму была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Асноўны закон стаў пачаткам новай эпохі ў летапісе краіны, надзейным фундаментам для дасягнення яе рэальнага суверэнітэту. Упершыню за шматвяковую гісторыю беларусы набылі сваю дзяржаўнасць, сталі незалежнай і свабоднай нацыяй. Канстытуцыя сканцэнтравала ў сабе багаты гістарычны вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацавала прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, дакладна вызначыла прыярытэты нацыянальнага развіцця. У год юбілею Асноўнага закона ўдзельнікамі акцыі таксама стануць 25-гадовыя маладыя людзі — равеснікі Канстытуцыі», — дапоўніла сакратар ЦК БРСМ.

У Мінску ў перыяд правядзення акцыі ўручэння пашпартоў пройдуць у кожным адміністрацыйным раёне і Мінскай гарадской ратушы. Непасрэдна ў Дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, урачыстыя цырымоніі адбудуцца ва ўсіх абласных цэнтрах. «У Брэсцкай вобласці — у абласным выканаўчым камітэце, Віцебскай — у абласной філармоніі. 20 актывістам Гродзенскай вобласці ўручаць пашпарты ў абласным драматычным тэатры. У Гомельскай вобласці выдатнікаў вучобы і грамадскага жыцця збяруць у абласным грамадска-культурным цэнтры. 28 маладым людзям Магілёўскай вобласці, якія праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці, з рук прадстаўнікоў улады будуць уручаны пашпарты ва ўстанове «Палац культуры вобласці». У якасці падарунка для дзяцей будзе падрыхтавана тэматычная праграма. Для актывістаў Мінскай вобласці ўрачыстае ўручэнне пашпартоў пройдзе на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея — запаведніка «Нясвіж», — дадала Аляксандра Ганчарова.

Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», ідэйным натхняльнікам якой з 2004 года выступае БРСМ, прызначана акцэнтаваць увагу на такой значнай падзеі, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Беларусі, а таксама стварыць умовы для надання належнага статусу і ўрачыстасці гэтай падзеі. Яна карыстаецца папулярнасцю і падтрымкай з боку органаў дзяржаўнай улады, грамадскасці і змагла аб’яднаць за гэтыя гады тысячы юнакоў і дзяўчат ва ўсіх рэгіёнах краіны.

 

БелТА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Похожие публикации