7 кастрычніка года з ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі прайшла рэспубліканская акцыя “Чысты лес”.
Яе асноўная мэта, заяўленая міністэрствам, – умацаванне сувязяў прадпрыемстваў лясной гаспадаркі з мясцовым насельніцтвам, навучэнскай моладдзю, шырокай грамадскасцю для сумесных экалагічных акцый па навядзенні парадку ў лясах, прапагандзе беражлівых адносінаў да лясных рэсурсаў.
Арганізацыі лясной гаспадаркі штогод трацяць значныя сродкі на навядзенне парадку ў лясах. Праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых неарганічных для лесу прадметаў, смецце вакол паселішчаў, садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках застаецца актуальнай. Цяпер шырока сталі выкарыстоўвацца тэхнічныя сродкі для выяўлення парушальнікаў ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства. З дапамогай камераў назірання фіксуюцца парушэнні, і вінаватых прыцягваюць да адказнасці. За студзень-верасень бягучага года работнікі дзяржаўнай лясной аховы склалі 39 пратаколаў за парушэнне патрабаванняў ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку 23 парушэнні ўстаноўлены з дапамогай фотакамераў.
Акцыя “Чысты лес” мае за мэту аб’яднаць людзей, якія гатовы дапамагчы ў навядзенні парадку ў лесе, вакол паселішчаў.
Дзятлаўскі лясгас, рыхтуючы акцыю, запрасіў да ўдзелу ў ёй усіх жадаючых. У Вензавецкім, Гезгалаўскім, Казлоўшчынскім, Наваельнянскім, Ахонаўскім, Рудаяварскім, Лявонавіцкім лясніцтвах былі вызначаны кварталы для ўборкі лесу. У Дзям’янавіцкім лясніцтве прыбіралі смецце ў месцах адпачынку і прыбярэжнай паласе ракі Нёман. У Раготнаўскім лясніцтве рупіліся яшчэ і на ўладкаванні тэрыторыі мінідэндрапарку.
Акцыя “Чысты лес” у Лявонавіцкім лясніцтве.
Работнікі офіса лясгаса займаліся азеляненнем тэрыторыі арганізацыі ў Дзятлаве.
Актыўна ўдзельнічалі ў акцыі “Чысты лес” вучні “зялёнай” Казлоўшчынскай школы. У 2014 годзе яны дэбютавалі ў Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэваў ENO Treelympics з праграмы “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу” і так паспяхова, што, прэзентаваўшы сваю работу па ахове навакольнага асяроддзя, адразу ўвайшлі ў топ-10 школ свету па колькасці пасаджаных дрэваў – занялі 9 месца. Дэлегацыю школы запрасілі ў Фінляндыю для ўдзелу ў экалагічным семінару і ўзнагароджання. Поспех так акрыліў, што юныя казлоўшчынскія эколагі ў 2015 годзе дасягнулі новага алімпіяднага рубяжу – занялі трэцяе прызавое месца.
Вядома ж, “зялёная” Казлоўшчынская школа не засталася ўбаку ад акцыі “Чысты лес”. Хлопцы і дзяўчынкі 7 і 9 класаў “прачасалі” лесапарк на ўскраіне Казлоўшчыны і сабралі розную непатрэбшчыну. Па суседнім маршруце ў лесапарку прайшлі работнікі Казлоўшчынскага лясніцтва.
Б. Варна