4 кастрычніка 2022 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны ўказ № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў сферы, павышэнне якасці паслуг, выключэнне вядзення гасцінічнага бізнесу пад выглядам аграсядзібаў, абарону правоў людзей, якія жывуць па суседстве.

Нагадаем, што ўсе жадаючыя прадоўжыць работу гаспадары сядзібаў мелі права да чэрвеня 2023 года прайсці перарэгістрацыю і атрымаць дазвол райвыканкама на дзейнасць у сферы аграэкатурызму.

Колькі цяпер на Дзятлаўшчыне аграэкасядзібаў і чым яны займаюцца, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– У раёне функцыянуюць тры аграэкасядзібы: “Раднік”, “Каля дуба” і ў вёсцы Накрышкі. У развіцці турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўшчыны аграэкатурызм адзін з прыярытэтных напрамкаў, бо актыўны адпачынак і аздараўленне ў экалагічна чыстых мясцінах, азнаямленне і захапляльнае далучэнне да нацыянальнай культуры і традыцый цікавыя для турыстаў і могуць парадаваць гасцей раёна.

Сектар спорту і турызму райвыканкама цесна ўзаемадзейнічае з суб’ектамі аграэкатурызму, у тым ліку па развіцці паслугаў, якія прапаноўваюць сядзібы. Напрыклад, за кошт плённага супрацоўніцтва з суб’ектамі туріндустрыі з’явіўся міні-кластар аграсядзібы “Каля дуба” і Дварэцкага дома культуры. У рамках яго на базе сядзібы ладзяцца праграмы “Як гулялі і бавілі час нашы продкі” – знаёміць з народнымі традыцыямі і звычаямі беларусаў, а таксама ваенна-патрыятычнага напрамку, распрацаваная сёлета да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – “На сонечнай палянцы”. Прычым аграэкасядзіба “Каля дуба” прымае ўдзел у розных мерапрыемствах, у тым ліку рэспубліканскіх акцыях “Нашы дзеці”, “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”, раённай “Дзятлаўшчына гераічная”. А сёлета да рэспубліканскай акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” далучылася і сядзіба “Раднік”.

У чэрвені на базе нашага раёна Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным агенцтвам праведзены рэспубліканскі семінар, у якім таксама ўдзельнічала сядзіба “Каля дуба”, а гэта адзін са станоўчых прыкладаў поўнай адпаведнасці патрабаванням указа № 351.

Ёсць пэўныя ідэі па развіцці турпаслугаў на базе сядзібаў “Раднік” і вёскі Накрышкі, і цяпер мы над гэтым працуем.

– Наталля Яўгенаўна, указам былі ўнесены істотныя карэктывы па ўдасканаленні рэгулявання дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, як жа перафармаціравалі сваю работу суб’екты нашага раёна?

– Яны стараюцца адпавядаць патрабаванням заканадаўства. Гэта пацвярджае і факт, што аграэкасядзібы не працуюць ізалявана, а скіраваны на дыялог, адгукваюцца на запрашэнні аб удзеле ў грамадскіх, дабрачынных мерапрыемствах. Сумеснымі намаганнямі мы знаходзім новыя ідэі для развіцця гэтай сферы паслугаў.

Усе суб’екты аграэкатурызму, у тым ліку якія спынілі дзейнасць, праінфармаваны аб адказнасці за невыкананне патрабаванняў заканадаўства, паколькі ажыццяўленне паслугаў без дазволу райвыканкама можа прыраўноўвацца да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У сувязі з гэтым кожны суб’ект павінен разумець адказнасць, у тым ліку пераправерыць сваё пазіцыяніраванне ў сацыяльных сетках на адпаведнасць рэальнаму статусу.

Работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана, у тым ліку з удзелам раённай камісіі для комплекснай аб’ектыўнай ацэнкі аграэкасядзібаў пры Дзятлаўскім райвыканкаме, якая мае непасрэднае дачыненне да кантролю за выкананнем патрабаванняў указа.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации