Выкананне гэтых рэкамендацый дапаможа не дапусціць пранікнення віруса АЧС на асабісты падворак і захаваць пагалоўе свіней у вашай гаспадарцы.

 Афрыканская  чума свіней – высоказаразная інфекцыйная хвароба свойскіх і дзікіх свіней, незалежна ад іх полу, узросту і пароды, якая выклікае гібель да 100 працэнтаў пагалоўя.

Вірус афрыканскай чумы валодае высокай устойлівасцю да розных хімічных і фізічных фактараў, таму можа доўга захоўвацца ў знешнім асяроддзі і прадуктах харчавання. У ахалоджаным мясе вірус захоўваецца да 150 дзён, у замарожаным мясе –да 1000 дзён, у вэнджаных вырабах – да 6 месяцаў, у трупах жывёлін – да 10 тыдняў.

Асноўнай крыніцай узбуджальніка АЧС у дзікай прыродзе з’яўляюцца дзікі і аргасавыя кляшчы. З арганізма хворых жывёлін вірус выдзяляецца ў знешняе асяроддзе з фекаліямі, мачой, слінай.

Асноўнымі шляхамі перадачы і заражэння вірусам з’яўляюцца прамы кантакт, праз кроў, трупы загінулых жывёлін, скормліванне адходаў, якія ўтрымліваюць вірус АЧС, прадметы догляду. Пераносчыкамі віруса АЧС з’яўляюцца таксама грызуны, крывасмактальныя насякомыя і чалавек. Чалавек пасля наведвання лесу можа занесці вірус АЧС на асабісты падворак на вопратцы і абутку.

Афрыканская чума развіваецца імкліва. Ад пападання віруса ў арганізм да праяўлення клінічных прыкметаў захворвання праходзіць да 10 дзён. Смерць жывёліны наступае на 1-5-ы дзень, радзей – пасля 10-га дня. Першымі прыкметамі захворвання з’яўляюцца адмова жывёлін ад корму і павышэнне тэмпературы цела да 42 градусаў. Характэрнымі прыкметамі таксама з’яўляюцца рвота, прыгнечаны стан жывёліны, смага. Можа наступіць параліч задніх канечнасцяў, крывавы панос, крывавыя выдзяленні з носу. На скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, на пятачку і хвасце з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы.

Захворванне лячэнню не паддаецца. Акрамя таго, лячыць АЧС забаронена. Вакцыны супраць дадзенага захворвання дагэтуль не распрацаваны.

Для папярэджання захворвання свіней у асабістых гаспадарках грамадзян трэба выконваць наступныя рэкамендацыі:

– асабістыя падсобныя гаспадаркі павінны быць агароджаны;

– забараняецца скормліваць жывёлінам харчовыя адходы, якія змяшчаюць     кампаненты жывёльнага паходжання;

– утрымліваць жывёлін належыць толькі ў хлявах, для догляду свіней  трэба прадугледзець асобную спецыяльную вопратку і абутак;

– трэба прадухіліць пранікненне ў памяшканне грызуноў і дзікіх птушак, не дапускаць размнажэння мух;

– нельга набываць свіней і прадукты забою свіней у нявызначаных для гэтага месцах;

– усе віды кормаў, што выкарыстоўваюцца для кармлення свіней (бульба, буракі, гарбузы, зернесумесі і іншае) павінны быць падвергнуты тэрмічнай апрацоўцы (кіпячэнню);

– для кармлення свіней варта карыстацца канцэнтраванымі кармамі, набытымі праз сістэму Белкаапсаюза і іншыя дзяржаўныя гандлёвыя сеткі;

– забаронены надворны забой і рэалізацыя свініны без правядзення перадзабойнага агляду і ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы.

Належыць неадкладна паведамляць аб усіх выпадках захворвання і гібелі свіней, а таксама аб выяўленні трупаў дзікоў у дзяржаўную ветэрынарную службу або мясцовы выканаўчы камітэт.

Б. КУЛЕШ,

галоўны ветэрынарны доктар Дзятлаўскага раёна

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации