Добрыя навіны для ўсіх, хто плануе аддаць сваё дзіця ў дзіцячы сад. З 1 студзеня 2026 года працэс пастаноўкі на ўлік для атрымання дашкольнай адукацыі стаў больш просты і зручны дзякуючы ўкараненню новых электронных паслуг на Адзіным партале “Е-Паслуга”.

Як гэта працуе, растлумачыла кіраўнік службы “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама Станіслава Ганчар:

– Цяпер паставіць дзіця на ўлік і атрымаць накіраванне ў дзіцячы сад можна двума спосабамі.

Куды ісці і што браць? Калі вы аддаяце перавагу асабістаму звароту, мама, тата або законны прадстаўнік павінен прыйсці з пашпартам і арыгіналам пасведчання аб нараджэнні дзіцяці ў службу “адно акно”. Тут спецыялісты дапамогуць запоўніць заяву па ўзоры. У ёй трэба вызначыць даныя бацькоў і дзіцяці, кантактную інфармацыю і, што важна, можна выбраць да трох дзіцячых садкоў, якія вам падыходзяць. Даведацца аб наяўнасці свабодных месцаў можна з дапамогай інтэрактыўнай карты на сайце Дзятлаўскага райвыканкама ў раздзеле “адно акно”. У заяве таксама прапісваецца жаданая дата, з якой дзіця пачне наведваць дашкольную ўстанову.

Калі пры падачы заявы на выдачу накіравання ў прыярытэтным дзіцячым садзе свабодных месцаў не будзе, вам выдадуць накіраванне ў іншы, дзе ёсць месцы ў групе адпаведнага ўзросту. Важна ведаць: усе дзеці ў нашай краіне маюць роўныя правы на месца ў дзіцячым садзе, ільготы для асобных катэгорый сем’яў не прадугледжаны.

Лічбавыя магчымасці: хутка і анлайн

Значна спрасціць працэдуру афармлення дзіцяці ў сад дазваляе адзіны партал электронных паслуг “Е-Паслуга”.

Заказаць дзве ключавыя анлайн-паслугі можна праз Асабісты кабінет. Анлайн-пастаноўка на ўлік (код працэдуры 200.6.6). Праз партал можна паставіць дзіця на ўлік для атрымання: дашкольнай адукацыі; спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай.

Атрыманне электроннага накіравання (код працэдуры 200.6.7). Гэта паслуга дазваляе дыстанцыйна атрымаць накіраванне ў дзіцячы сад для асваення вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, уключаючы праграмы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Важныя дэталі для бацькоў

Узрост: дзіцячы сад могуць наведваць дзеці ад двух месяцаў да сямі гадоў. На практыцы часцей за ўсё ясельные групы камплектуюцца дзецьмі ад 1 да 2 гадоў (першая малодшая).

Час прыёму: прыём дзяцей вядзецца на працягу ўсяго каляндарнага года. Залічэнне ў дзіцячы сад не прывязана да месца пражывання – можна трапіць у любую дашкольную ўстанову горада.

Тэрмін дзеяння накіравання: выдадзенае накіраванне (як у папяровым, так і ў электронным выглядзе) дзейнічае 15 каляндарных дзён.

Медыцынскі дакумент: пры афармленні ў сад разам з накіраваннем абавязкова спатрэбіцца медыцынская даведка аб стане здароўя дзіцяці.

Для атрымання падрабязнай інфармацыі вы можаце звярнуцца ў службу “адно акно па тэлефонах: 6-86-41, 142.

Працуе служба па наступным графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед. Субота, нядзеля – выхадныя дні. Размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации