21 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У цэнтральнай раённай бальніцы выступіла інфармацыйная група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне. Працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Абмеркавалі актуальную тэму “Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Будучыня залежыць ад нас”. Яе беларусы вызначаць 26 студзеня 2025 года – у дзень, на які Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу назначаны выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дата абумоўлена некалькімі фактарамі: па-першае, адпавядае тэрмінам, прапісаным Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам; па-другое, правядзенне выбараў у вясенне-летні перыяд было б ускладнена пасяўной кампаніяй, водпускамі, уступнымі экзаменамі ва ўстановы адукацыі, дзе, як правіла, знаходзяцца выбарчыя ўчасткі; па-трэцяе, мінімальны разрыў паміж адзіным днём галасавання і прэзідэнцкай кампаніяй дазволіць найбольш рацыянальна выкарыстоўваць напрацаваны патэнцыял (чалавечыя, арганізацыйна-тэхнічныя, фінансавыя, інфармацыйныя рэсурсы); па-чацвёртае, прэзідэнцкія выбары папярэднічаюць заканчэнню цяперашняй і пачатку наступнай пяцігодкі, што дазволіць выбранаму кіраўніку краіны падвесці вынікі і вызначыць далейшы стратэгічны курс развіцця, асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі.

Выбары-2025 завершаць цыкл палітычнай мадэрнізацыі, пачаты рэферэндумам 27 лютага 2022 года. Сістэма інстытутаў улады прыме канчатковую форму, прапісаную ў новай рэдакцыі Канстытуцыі. Вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты ў Беларусі адбываецца шляхам збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Збор праходзіць з 7 лістапада па 6 снежня. З 22 па 31 снежня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты. З 1 па 25 студзеня 2025 года будзе праводзіцца перадвыбарная агітацыя – самы актыўны і адказны этап электаральнай кампаніі. Варта памятаць, што ў дзень галасавання, 26 студзеня, агітацыя забаронена. Датэрміновае галасаванне пачнецца 21 студзеня і прадоўжыцца пяць дзён. Вынікі выбараў будуць устаноўлены Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней за 5 лютага 2025 года. У выпадку неабходнасці (не пазней за 9 лютага) будзе праведзены другі тур галасавання. Стварэння выбарчых участкаў за мяжой не прадугледжана. Інфармацыю аб электаральнай кампаніі можна знайсці на афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, ёсць тэматычная ўкладка і на сайце Дзятлаўскага райвыканкама.

Як паказвае жыццё, інстытут прэзідэнцтва ў Беларусі мае лёсавызначальнае значэнне і неразрыўна звязаны з Аляксандрам Лукашэнкам. У нас пабудавана суверэнная і незалежная дзяржава для народа, сфарміравана ўнікальная мадэль народаўладдзя, Беларусь – краіна з нізкім узроўнем сацыяльнага расслаення насельніцтва па даходах. Менавіта такой, паводле пераканання кіраўніка дзяржавы, і павінна быць цывілізаваная высокаразвітая краіна. Наша Беларусь сама забяспечвае сябе ва ўсіх стратэгічных сферах жыцця, займае ўпэўненыя пазіцыі ў машынабудаванні вялікагрузных аўтамабіляў, сферы ІТ-тэхналогій і штучнага інтэлекту, развіваецца ў касмічнай сферы, уваходзіць у пяцёрку буйнейшых экспарцёраў харчовай прадукцыі Еўропы. Мы захоўваем свае нацыянальныя, гістарычныя і духоўныя каштоўнасці, вядзём міралюбівую знешнюю палітыку, жывём у стабільнай, спакойнай бяспечнай краіне. Беларусам прыйсці на выбарчыя ўчасткі і рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права варта, як мінімум па сямі прычынах: бо народ – гэта крыніца ўлады ў нашай дзяржаве, Прэзідэнт – гарант нашых правоў і свабодаў, выбары – магчымасць паўплываць на прыняцце важных дзяржаўных рашэнняў, праяўленне салідарнасці грамадзян, галасуючы мы выказваем свае адносіны да будучыні, пацвярджаем прыналежнасць да нацыі, а патрыятызм – гэта проста пачуцце, а актыўнасць у дзеяннях на карысць Айчыны. Варта памятаць, што сёння выбіраем не толькі кіраўніка дзяржавы, а мірнае развіццё нашай Беларусі.

– На Дзятлаўшчыне працуюць ініцыятыўныя групы, за кожнага патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. На Дзятлаўшчыне ўжо створана і дзейнічае раённая тэрытарыяльная камісія, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Дзятлаўчане паводле заканадаўства могуць пакідаць свае подпісы за некалькіх патэнцыяльных кандытатаў, але павінны памятаць, што галасаваць на выбарах можна толькі за аднаго.

Кіраўнік раёна заклікаў жыхароў быць грамадска актыўнымі і ў час выбараў скарыстацца адным з галоўных канстытуцыйных правоў – вызначаць будучыню краіны.

На пачатку снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень інвалідаў, таму на сустрэчах з інфармацыйнымі групамі пагутарылі аб паважлівым стаўленні ў нашай дзяржаве да іх правоў і годнасці.

Узнялі актуальную для раёна тэму – неасцярожнага курэння. А паколькі не за гарамі навагоднія святы, нагадалі правілы выкарыстання піратэхнікі, паводзінаў на тонкім лёдзе.

Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стала “Супрацьдзеянне гандлю людзьмі”. Не абышлі ўвагай надзвычай важную для падтрымання міру, бяспекі і дзяржаўнага ладу ў Беларусі праблему барацьбы з экстрэмізмам.

На першапачатковым узроўні для супрацьстаяння негатыўным праявам кожны з грамадзян нашай краіны павінен выконваць патрабаванні заканадаўства, найперш гэта тычыцца паводзінаў у інфармацыйнай і лічбавай прасторы. Дзятлаўчан папрасілі яшчэ раз прагледзець свае падпіскі ў сацыяльных сетках і не праяўляць актыўнасці на каналах, якія прызнаны экстрэмісцкімі: за каментарыі, лайкі, дызлайкі на іх прадугледжана адказнасць перад законам.

Больш яскрава аб тым, што такое экстрэмізм і да чаго ён можа прывесці, удзельнікі пасяджэнняў даведаліся з дакументальнай кінастужкі аб падзеях 2020 года.

****

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара і Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации