20 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Функцыянавалі некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад калектывамі ААТ “Дварэцкі льнозавод” і ААТ “Дварэц-Агра”, абласная на чале з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктарам Пранюком – у цэнтральнай раённай бальніцы і ТАА “Триал эксперт”, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага сустракалася з работнікамі дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама Віталія Шулейкі, Вадзіма Бяляткі, Вольгі Жэлезоўскай, Дзмітрыя Баравіка.

Абмеркавалі некалькі тэм, у тым ліку актуальную “Кібербяспека і прафілактыка крадзяжоў асабістай маёмасці”.

– Найбольш уразлівымі да камп’ютарных махлярстваў з’яўляюцца пажылыя людзі, – расказаў Віктар Пранюк. – Гэтым і карыстаюцца злачынцы, выманьваючы грошы, якія сабралі пенсіянеры, або нават вымушаюць іх прадаваць нерухомасць. Другая катэгорыя – непаўналетнія, якія гуляюць анлайн, заводзяць шмат сяброў у інтэрнэце і падвержаны рознай негатыўнай, ілжывай інфармацыі. Радуе, што ў Беларусі ёсць механізмы, якія дапамагаюць змагацца з кіберзлачыннасцю, і на постсавецкай прасторы нас апераджаюць толькі Малдова, Азербайджан, Расія. Сістэмныя меры рэалізуюцца на некалькіх узроўнях. На дзяржаўным – Указам Прэзідэнта Беларусі № 40 “Аб кібербяспецы” замацаваны комплексны механізм супрацьдзеяння кібератакам на дзяржорганы і арганізацыі, крытычную інфармацыйную інфраструктуру, працуе Нацыянальны цэнтр забеспячэння кібербяспекі. У 2021 годзе прыняты закон “Аб абароне персанальных даных”. Аднак людзі часта самі бяздумна пакідаюць важную інфармацыю пра сябе, удзельнічаючы ў праграмах скідак і лаяльнасці, праглядваюць рэкламныя лісты, якія прыходзяць на электронныя адрасы. Чым больш ёсць інфармацыі аб чалавеку, тым лягчэй зламыснікам скласці легенду і падмануць сваю ахвяру або навязаць кліенту розныя пакупкі.

Па спосабах учынення махлярствы часта адбываюцца ад імя спецыялістаў розных службаў або нават “кіраўніка арганізацыі”, дзе працуе ахвяра, ці пад выглядам продажу тавараў у Instagram і Telegram.

Дзяржава не застаецца раўнадушнай да праблемы: з 1 сакавіка 2024 года ў Беларусі дзейнічае Указ № 269, які дае банкам магчымасць прыпыняць падазроныя пераводы і сумесна з праваахоўнымі органамі расследаваць інцыдэнты. Таксама для абароны ад махляроў банкі ўстанаўліваюць ліміты па зняцці грошай у банкаматах на тэрыторыі рэспублікі.

Інтэрнэт, як лад жыцця, стаў вельмі зручным для чалавека, і гэта нармальна, разам з тым, кібербяспека – адказнасць кожнага, якая пачынаецца з выбару надзейных пароляў, прадаўжаецца лічбавай гігіенай і забеспячэннем бяспекі непаўналетніх у інтэрнэце.

Інфармацыйныя групы абмеркавалі і такія важныя пытанні, як супрацьдзеянне карупцыі, прафілактыка ВІЧ-інфекцыі, бяспека ў ацяпляльны перыяд, неасцярожнае курэнне, неабходнасць устаноўкі ў жылых пакоях аўтаномных пажарных  апавяшчальнікаў.

– Заканчваецца год, як заўжды, у прыярытэце эканоміка, – азнаёміў прысутных са станам спраў у раёне старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – 2025-ы быў для Дзятлаўшчыны паспяховым. Па прыбытку раён дадаў да ўзроўню мінулага года каля 30 %, павялічыліся падатковыя паступленні ў бюджэт, і ў цэлым ён выконваецца па даходнай і расходнай частках. Стабільна працавалі чатыры прадпрыемствы, якія зрабілі самы значны ўнёсак па паступленні даходаў: Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, санаторый “Радон”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ТАА “Ізакам”.

Разам з тым, сітуацыя на сусветным рынку няпростая, адчуваюцца праблемы са збытам малочнай прадукцыі, вырабаў з драўніны, зерня. 

Сёлета ў раёне ўдалося рэалізаваць усе планы па капрамонце жылля, будаўніцтве, асфальтаванні дарог, у тым ліку за кошт выдзялення дадатковых сродкаў з раённага бюджэту. Увогуле, мінулая пяцігодка для Дзятлаўшчыны была выніковай фінансава і па развіцці інфраструктуры. Пачынаецца новая, і стаўку варта рабіць на выпуск запатрабаванай, канкурэнтаздольнай на знешнім рынку прадукцыі.

Удзельнікі Адзінага дня інфармавання мелі магчымасць задаць спецыялістам свае пытанні і атрымаць адказы, а напрыканцы ўбачылі дакументальную стужку АНТ “Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам”.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Таццяны САНЮК

#ЕДИ #коллектив

Похожие публикации