19 снежня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі груп.

З жыхарамі пасёлка Казлоўшчына сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка пры ўдзеле раённай групы старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

У якасці спікера па тэме “Беларусь – краіна міру і згоды” Руслан Абрамчык узгадаў гісторыю і вопыт суверэннай Беларусі, якая, выкарыстоўваючы лепшыя напрацоўкі і магутны фундамент савецкага часу, дасягнула поспехаў ва ўсіх сферах. Беларусы прытрымліваюцца міралюбівай знешняй і ўнутранай палітыкі, пры гэтым на заканадаўчым узроўні недапушчальна прыцясненне па рэлігійнай, моўнай, нацыянальнай або любой іншай прыкмеце. Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць роўныя правы і магчымасці. Адзін з яскравых доказаў таму – фестываль нацыянальных культур, які кожныя два гады ў Гродне збірае прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей і канфесій, якія пастаянна жывуць і стваральна працуюць у нашай краіне. Яны ўваходзяць у лік кіраўнікоў, лідараў грамадскага меркавання, ніяк не аддзяляючы сябе ад этнічных беларусаў.

– Вельмі важна трансліраваць навокал нашы каштоўнасці – міралюбства, адзінства і прыняцце значнасці іншых культур. Гэта робіць кіраўнік нашай краіны на ўсіх міжнародных пляцоўках, – адзначыў Руслан Юр’евіч. – Тое, што ў цяперашні момант адбываецца ўключэнне Беларусі ў такія міжнародныя арганізацыі, як БРІКС, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, – гэта вялікае дасягненне беларускай дыпламатыі.

У час электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь актуальнай была тэма экстрэмізму і пакарання за дзеянні такога характару, якую закрануў у сваім выступленні пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. Ён узгадаў, што па такім артыкуле ў раёне прыцягнуты да адказнасці 17 чалавек. Толькі сёлета ў вытворчасці знаходзяцца чатыры справы, раскрывальнасць іх набліжаецца да 100 %.

Іграманія – гэта хвароба. Аб гэтым прысутным нагадаў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч. Ва ўстановах аховы здароўя аказваецца псіхалагічная, а калі патрэбна – і псіхіятрычная дапамога тым, хто пакутуе на яе. Віктар Казіміравіч адзначыў, што калі аматарам ігорных установаў можна прымусова абмежаваць уваход на іх тэрыторыю, то ў інтэрнэт-прасторы ўсё больш складана, таму бацькам варта быць пільнымі і засцерагчы ад гэтай праблемы ўласных дзяцей.

Аб бяспецы ў навагоднія святы, абыходжанні з электрагірляндамі і піратэхнікай, а таксама правілах асцярожнасці пры выхадзе на лёд нагадаў начальнік райаддзела па надзвыйчайных сітуацыях Сяргей Казушчык.

У заключны сёлета Адзіны дзень інфармавання Андрэй Садоўскі агучыў кароткія вынікі развіцця раёна:

– 2024 год быў паспяховым для Дзятлаўскага раёна, было рэалізавана нямала праектаў, многія перайшлі ў этап завяршэння. Сёлета восем мільёнаў рублёў свабодных астаткаў было ўкладзена ў сацыяльную сферу (15 % бюджэту раёна). Выканалі рамонт Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, завяршаем другі пускавы комплекс капітальнага рамонту сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, на яго з раённага бюджэту было выдзелена 1,3 мільёна рублёў. Шмат робіцца ў сферы аховы здароўя: на сёння адрамантаваны ўсе аддзяленні раённай бальніцы, ужо ў снежні на Дзятлаўшчыне з’явіцца перасоўны ФАП, а ў першым паўгоддзі наступнага года – рэнтген-кабінет з новым абсталяваннем і новы мамограф, які дазволіць праводзіць усе даследаванні на месцы. На сёння вядуцца работы на 10 аб’ектах будаўніцтва, у ліку якіх – Новаяльнянская бальніца. Паспяхова скончана будаўніцтва 30-кватэрнага дома ў Дзятлаве, завяршаецца перапланіроўка інтэрната пад арэнднае жыллё ў Казлоўшчыне. Капітальны рамонт сёлета рэалізуецца ў васьмі шматкватэрных дамах (больш за дзевяць тысяч квадратных метраў жылля), адрамантаваны каля 15 вуліц райцэнтра і пасёлкаў. Поўным ходам ідуць рамонтныя работы ў будучым фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Дзятлаве. Сёлета прыбыткова спрацавалі як прамысловы, так і сельскагаспадарчы сектар эканомікі, а значыць грунтоўныя праекты ў сацыяльнай сферы, запланаваныя на наступны год, атрымаюць фінансавую падтрымку і будуць паспяхова рэалізаваны.

Прысутных пазнаёмілі з актуальным ходам выбарчай кампаніі на Дзятлаўшчыне і далейшымі яе этапамі, заклікалі выказваць сваю волю на выбарчых участках у дзень галасавання, выбіраючы будучыню нашага рэгіёна і палітычны курс краіны.

Таксама ў гэты дзень працавалі група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага выступіла ў калектыве Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння. Працавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Наталля АВЯРЧУК
Фота ўтара, Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации