Дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства – было заснавана пяць гадоў таму. Яго дата 17 верасня – не выпадковая.
Старонкі гісторыі
Указ № 206, якім было заснавана новае свята, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 чэрвеня 2021 года. 17 верасня стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўжды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Асабліва адзначалася, што ўстанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Крокі да ўз’яднання
Усвядоміць значнасць абранай даты немагчыма без разумення звязаных з ёй гістарычных падзей.
Калі 17 верасня 1939 года пачаўся паход Чырвонай арміі, у выніку якога БССР аб’ядналася з тэрыторыяй Заходняй Беларусі, насельніцтва сустракала салдат як вызваліцеляў. І гэта нядзіўна. Карані сыходзяць у 1921 год. Менавіта тады ў Рызе быў падпісаны мірны дагавор, які падзяліў тэрыторыю, якую сёння займае наша рэспубліка, на часткі. Польшча атрымала заходнюю – агульнай плошчай больш за 110 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам больш за 4 мільёны чалавек. У састаў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі ўвайшлі шэсць паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам каля 1,6 мільёна чалавек. Віцебская, Гомельская губерні і заходнія раёны Смаленшчыны засталіся ў саставе РСФСР (да 1924-га і 1926 года).
Рэгіёны, якія апынуліся ў ССРБ і РСФСР, былі цесна звязаны. Яны развіваліся ў саставе адной дзяржаўнай структуры, дзе абвясцілі права нацый на самавызначэнне. У Польшчы сітуацыя была іншай. Там тэрыторыі, атрыманыя па Рыжскім мірным дагаворы, пазначаліся ў дакументах як усходнія ўскраіны. Польскія ўлады разглядалі іх як аграрна-сыравінны прыдатак і не асабліва клапаціліся аб іх развіцці – і гаворка не толькі пра эканоміку. Праводзілася палітыка паланізацыі. Закрываліся беларускія школы, забараняліся і канфіскоўваліся выданні на беларускай мове, ліквідаваліся клубы, тэатры, хаты-чытальні. Беларусаў не дапускалі на адказныя дзяржаўныя пасады. Хрэстаматыйным стала выказванне міністра асветы Польшчы Скульскага, які ў пачатку 1939 года заявіў: “Запэўніваю вас, што праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса”.
А калі яшчэ ўспомніць створаную ў краіне сістэму канцлагераў для іншадумцаў, суды над тысячамі беларускіх актывістаў, то становіцца ясна: мяжа, якая аддзяліла Заходнюю Беларусь ад яе ўсходняй часткі, праходзіла тады не проста праз лясы і вёскі – яна пралегла праз сэрцы і лёсы людзей. Таму ўз’яднанне тэрыторый у 1939 годзе сапраўды стала аднаўленнем гістарычнай справядлівасці і спрыяла захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці.
Асаблівую значнасць тыя падзеі, якія адлюстроўваюць імкненне нашай нацыі да адзінства, набылі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Тады знешнімі сіламі была зроблена спроба раскалоць беларускае грамадства, пазбавіць нашу краіну права на самастойны выбар свайго шляху. Але народ выстаяў, суверэнітэт і цэласнасць Беларусі ўдалося захаваць. Пра гэта таксама цяпер нагадвае дзяржаўнае свята. Народжанае часам і якое мае глыбокія гістарычныя карані, яно стала сімвалам, які аб’ядноўвае, блізкім і зразумелым кожнаму з нас.
З чаго пачыналася?
У віншаванні Прэзідэнта Беларусі З Днём народнага адзінства ў 2021 годзе гаварылася: “Мы ўпершыню адзначаем новае дзяржаўнае свята. Яно звяртае нас да лёсавызначальных падзей гісторыі роднай зямлі. 17 верасня 1939 года быў пакладзены пачатак уз’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі, фарміраванню адзінай беларускай нацыі. Прайшоўшы праз боль страт Вялікай Айчыннай вайны, разруху 90-х, гібрыдную агрэсію, развязаную сёння супраць дзяржавы, мы захавалі тое, што жыве ў сэрцы, што ніколі нельга аддаць і чым нельга паступіцца. Гэта наша краіна – Беларусь, дзякуючы якой мы застаёмся адным народам”.
Усё гэта актуальна і сёння. Але за мінулыя пяць гадоў 17 верасня дапоўнілася новымі сэнсамі, бо з году ў год жыхары Беларусі імкнуцца адзначыць свята яркімі падзеямі і карыснымі справамі, пацвярджаюць, што, аб’яднаўшыся, мы можам зрабіць вельмі шмат.
Па матэрыялах рэспубліканскай прэсы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае