Цікава было даведацца ў дзятлаўчан і гасцей раёна, што прываблівае іх больш: курорты ці аддаленыя куткі прыроды?
Кожны з нас марыць пра адпачынак, пра тое, як пакінуць усе клопаты і атрымаць асалоду ад вольнага часу, асабліва ў гарачыя летнія дзянькі.
Іна Каракулька, 52 гады:
– Часцей за ўсё водпуск праводжу на трох азёрах, на малой радзіме. Але і да вандровак па Беларусі я таксама неабыякавая. Езджу ў Мінск у госці да дачкі, бываю і ў іншых беларускіх гарадах. Калі казаць пра водпуск, які найбольш спадабаўся і запомніўся, то гэта вандроўка ў парк-музей Сула. Мясціны ўразілі сваёй гістарычнай спадчынай, славутасцямі і маляўнічымі краявідамі.
Наталля Рэгіневіч, 47 гадоў:
– Я аддаю перавагу водпуску на прыродзе. Магчыма, самым незабыўным момантам быў паход з сяброўкай у лес па грыбы. Адпачынак даволі просты, спакойны, які дапамагае зліцца з прыродай. Здаецца, гэта менавіта тое, што бывае неабходным для кожнага з нас.
Лілія Дарашкевіч, 43 гады:
– Адпачынак за мяжой – тое, што я люблю. Захад сонца над вадой, салёны брыз і цёплае мора, якое проста вабіць цябе акунуцца ў яго абдымкі – гэта цудоўна. Менавіта таму адпачынак на Чорным моры пакінуў самыя незабыўныя ўражанні. У час водпуску мы бывалі і ў слаўнай Адэсе, і ў сонечнай Затоцы, дзе кожны дзень быў напоўнены яркімі эмоцыямі.
Марына Прыходзька, 40 гадоў:
– Мяне прывабліваюць падарожжы па Беларусі. Ёсць вялікае жаданне наведаць кожны яе куток, мястэчка, пабываць у мясцінах, куды раней не паспеў зазірнуць. Вялікае ўражанне на мяне пакінула паездка ў Нясвіжскі замак. Месца сапраўды цудоўнае, якое захоўвае ў сабе дух шматвяковай гістарычнай спадчыны.
Вольга Кобзева, 43 гады:
– Адпачынак у Беларусі для нас, расіян, заўжды быў прыярытэтным. Наведваючы дзядзьку, мы прыязджаем сюды з Чэлябінска практычна кожны год. Галоўнае, што вылучае беларускія гарады, – гэта чысціня, прыгажосць, добраўпарадкаванасць. Беларусы радуюць сваёй прыстойнасцю, дабрынёй. Ну і, вядома, не можа не захапляць мясцовая прырода, лясы, чыстае паветра. Вельмі спадабаліся Мірскі замак і Жыровіцкі манастыр. Ды і ў Дзятлаве сёння ёсць на што паглядзець.
Мікіта ПАПРОЦКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga