6 жніўня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага — вядомага мастака-кераміста. Выстава прымеркавана да 85-годдзя мастака. З юбілеем Мікалая Лаўрэнцьевіча павіншаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік. Ён таксама адзначыў творчасць мастака Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама. На адкрыццё выставы прыйшлі сябры і калегі М. Несцярэўскага — пісьменнік, журналіст А. Валахановіч, член Беларускага саюза мастакоў І. Козел, краязнаўца С. Чыгрын, былы дырэктар Дзятлаўскага музея Ф. Красюк. Таксама з юбілеем мастака павіншаваў і пажадаў яму здароўя і доўгіх гадоў жыцця Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, протаіерэй М. Пінчук.
На выставе “Сэнс жыцця — мастацтва” прадстаўлены керамічныя работы М Несцярэўскага, партрэты, нацюрморты і пейзажы, медальёны. Выстава будзе працаваць да 14 жніўня.