Тэма капітальнага рамонту дома заўсёды балючая: з аднаго боку, многім даводзіцца гадамі чакаць сваёй чаргі, а з другога, дачакаўшыся, трываць нязручнасці з-за часовай разрухі, замены камунікацый і іншых рамонтных работ. Але, для добрай справы, ці не варта крыху пацярпець?
Званок у рэдакцыю: жыхарка дома № 7 па вуліцы К. Цэткін райцэнтра скардзіцца, што хутка каляды і новы год, а рамонт яшчэ не заканчваецца. Прадставіцца жанчына не пажадала.
На аб’екце працуе ўпраўленне спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс”. Работы праводзяцца за сродкі раённага бюджэту і адлічэнняў грамадзян на капітальны рамонт.

Звяртаюся да дырэктара РУП ЖКГ, якое з’яўляецца заказчыкам работ на гэтым будаўнічым аб’екце, па каментарый. Васіль Пяцюк прапануе:
– Ірына Чаславаўна, а давайце разам сходзім паглядзім, сустрэнемся з жыхарамі.
Зразумела, згаджаюся на прапанову. Гутарым па дарозе:
– Васіль Васільевіч, вы працуеце не першы год, не першы капітальны рамонт на вашым “уласным прафесійным уліку”. Мне здаецца, што значна больш людзі скардзяцца і пытаюцца ў кіраўніцтва раёна, калі ўжо дойдзе чарга да капітальнага рамонту дома, а не на тое, калі ён закончыцца?
– Спачатку гэта так і адбываецца. Жыхары вельмі радуюцца, што іх жыллё атрымае доўгачаканае абнаўленне, калі прымаецца рашэнне аб капітальным рамонце і “заязджаюць” будаўнікі. Але, пасля, калі прыходзіць момант пацярпець часовы непарадак з-за будаўнічых работ, або па нейкіх тэхнічных прычынах здараецца крыху затрымка, настрой некаторых людзей мяняецца на негатыўны. Кватэр у дамах шмат, за адзін-два дні немагчыма некаторыя віды работ зрабіць. Напрыклад, як на доме, у які мы ідзем, цяпер праводзіцца замена змеявікоў у кватэрах і каналізацыйных трубаў. Спачатку ж неабходна дэмантаваць “старое” абсталяванне, а пасля ўстанавіць новае, усё падключыць, праверыць і пасля “закрыць” выбоіны.
– Гэты аб’ект вельмі складаны?
– Не магу так сказаць. Дом “не малады”, таму нюансы ўзнікаюць. Не заўсёды паспяваем растлумачыць кожнаму жыхару, што і як будзем далей рабіць, але пытанні вырашаем. Брыгады працуюць вопытныя. Жыхары павінны разумець, што мы працуем на іх карысць.
У пад’езде накіроўваемся адразу ў кватэру на першым паверсе. Нас сустракаюць пенсіянерка Таццяна Бахта і яе дачка.
Таццяна Аляксандраўна дазваляе зайсці паглядзець санвузел і ванны пакой. Каналізацыйная труба заменена. Вакол яе яшчэ “зіхаціць” дзірка.

– Гэта адзінае, што сёння дастаўляе нязручнасці. Мы жывем на першым паверсе, знізу падвал, таму мошкі ляцяць у кватэру. А так, хачу сказаць, малайцы хлопцы. Працуюць хутка і акуратна. Няма да іх ніякіх прэтэнзій. Я ведаю, што некаторыя ў пад’ездзе скардзяцца, але няма чаго. У нас “першапавярхоўцаў” – падвал, больш за ўсіх складанасцяў, але ж трэба пацярпець крыху, для нас, жыхароў, жа стараюцца. Што спытаеш у работнікаў, усё прыйдуць дапамогуць, пакажуць. Як завершаць работы, я буду ўдзячная і спакойная.
– Каналізацыйная труба заменена поўнасцю па ўсіх кватэрах. У панядзелак будаўнікі закрыюць выбоіны вакол яе і тады заменяць змеявікі, – тлумачыць Васіль Васільевіч гаспадыні.

Накіроўваемся ў другія кватэры, за дзвярамі большасці цішыня. Зразумела, рабочы дзень. Нарэшце адчыняе яшчэ адна гаспадыня, таксама пенсіянерка. Называцца не захацела, фатаграфавацца таксама адмовілася. Пытаемся, як тут работы ідуць?
– Вады няма сёння гарачай чамусьці. Па другім стаяку быццам бы ёсць. Грэць трэба, але гэта не бяда, работы ўжо заканчваюць, яшчэ змеявікі ў ванне памяняюць і ўсё, – адказвае жанчына. – А так усё добра. У нас капітальнага рамонту не было з моманту будаўніцтва дома, таму жартуем, што мы яго 46 гадоў чакалі.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga